Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмоўлена ў крымінальнай справе з факту пагрозаў адвакату Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск У міліцыі Першамайскага раёну Менску адмовіліся завадзіць крымінальную справу з факту пагрозаў Ігару Рынкевічу, адвакату экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў Ігар Рынкевіч.

Паводле яго, тыдзень таму на станцыі мэтро адвакат пачуў ад невядомага грамадзяніна словы: “Адвакат, сёньня ты да Казуліна не даедзеш!”

“У мэтро правялі праверку. Дзяжурная згадала, што чалавек, які мне пагражаў, прайшоў на станцыю паводле службовага пасьведчаньня адной сілавой структуры. Але заводзіць крымінальную справу ў Першамайскім РУУС адмовіліся. Паведамілі, што не знайшлі падставаў”, -- сказаў Ігар Рынкевіч.

Адвакат зьбіраецца абскардзіць дзеяньні міліцыі ў пракуратуры.

З сакавіка 2006 года, калі Ігар Рынкевіч пачаў абараняць Аляксандра Казуліна, адваката затрымлівала міліцыя, ён быў зьбіты, яго спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Таксама калегія адвакатаў наклала на Ігара Рынкевіча два спагнаньні ў службовым парадку, што пагражае яму пазбаўленьнем адвакацкай ліцэнзіі. Ігар Рынкевіч мяркуе, што яго перасьледуюць як абаронцу былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG