Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не адрэагаваў на рашэньне Рады ААН у правах чалавека


Радыё Свабода Вярхоўны суд Беларусі не адрэагаваў на рашэньне Рады ААН у правах чалавека аб аднаўленьні дзейнасьці ў Гомелі грамадзкага аб''яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы".

Як паведаміў старшыня абласнога аддзяленьня РГА "Прававая ініцыятыва" Леанід Судаленка, гомельскае абласное грамадзкае аб''яднаньне "Грамадзянскія ініцыятывы" было ліквідавана ў 2003 годзе ў прымусовым парадку паводле пазову ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму. Віктар Карняенка, старшыня "Грамадзянскіх ініцыятыў", выкарыстоўваў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, паколькі ня быў згодны з рашэньнем уладаў. Але Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэньне ніжэйшых судоў, фактычна дзейнасьць арганізацыі была спыненая.

Тады В.Карняенка зьвярнуўся ў Раду ААН у правах чалавека і выказаў сваю нязгоду зь ліквідацыяй арганізацыі. 30 лістапада 2006 году Рада прыняла рашэньне, якім прызнала, што ліквідацыя грамадзкага аб''яднаньня не адпавядае абавязацельствам Рэспублікі Беларусь, што былі прынятыя ёй у міжнародных дамовах. Гэта значыць, што права В.Карняенкі на свабоду аб''яднаньня з іншымі было парушана. Рада ААН хацела б атрымаць ад Беларусі на працягу 90 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых у мэтах выкананьня яго рашэньня. Рада ААН у правах чалавека зазначыла таксама, што В.Карняенка мае права на адпаведнае вяртаньне і аднаўленьне дзейнасьці "Грамадзянскіх ініцыятыў". У адпаведнасьці з рашэньнем Беларусь была абавязаная зрабіць крокі дзеля недапушчэньня падобнага ў будучыні.

"Віктар Карняенка пасьля атрыманьня гэтага рашэньня чакаў 90 дзён -- да 28 лютага 2007 году. Рэакцыі з боку службовых асобаў не было ніякай. Тады ён зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай прынесці пратэст і дадаў да заявы згаданае рашэньне. З Вярхоўнага суду 13 сакавіка паступіў адказ, што скарга пакінута без разгляду і рашэньне аб ліквідацыі набыло моц тры гады таму. Я лічу, чыноўнікі ад правасуддзя працягваюць упарта прымяняць палажэньні ўнутраных нарматыўна-прававых актаў, не заўважаючы пры гэтым ня толькі міжнародных дамоваў, удзельніцай якіх зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, але і нормаў Канстытуцыі нашай краіны. Апрача таго, Рэспубліка Беларусь прызнала прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і ўзяла на сябе абавязак іх выконваць", - пракаментаваў БелПАН сытуацыю Л.Судаленка.

Паводле праваабаронцы, дэмакратычным сілам неабходна зноў зьвярнуцца ў Раду ААН у правах чалавека, указаўшы на тое, што Беларусь ігнаруе рашэньне гэтага органа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG