Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Джуста і Барначын чакае сына і па-ранейшаму змагаецца за дачку


Радыё Свабода Сямейная пара з Кагалета Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын зноў у цэнтры ўвагі італьянскай прэсы. Зьявіліся паведамленьні, што Марыя-К’яра цяжарная і чакае сына.

Гэтую інфармацыю журналістам пацьвердзіў Алесандра Джуста. Ён паведаміў, што ягоная жонка цяжарная ўжо пяць месяцаў — і пры гэтым падкрэсьліў, што нягледзячы ні на што, сям’я будзе змагацца за тую, каго яны даўно лічаць сваёй дачкой, беларускую сірату Віку Мароз.

Мы будзем змагацца да канца, каб аднойчы Віка змагла ўзьяднацца з тымі, каго лічыць сваімі бацькамі”, — падае словы Джуста італьянская агенцыя Аnsa.

Сама Віка Мароз у апошнім інтэрвію італьянскаму тэлебачаньню заявіла, што “хоча ў Італію да сваіх мамы і таты”.

Інтэрвію адбылося напярэдадні 2007 году, які дзяўчынка ўпершыню за апошнія сем гадоў сустракала не ў Кагалета, а ў прыёмнай сям’і свайго брата ў Жодзіне.

Мінулым летам, калі Віка была на вакацыях у Італіі, сям’я Джуста й Барначын вырашыла не аддаваць яе назад у Вялейскі інтэрнат і дваццаць дзён хавала сірату ў Альпах. Муж і жонка сьцьвярджалі, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту на радзіме.
XS
SM
MD
LG