Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіну падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ўзгадваюць у Брусэлі


Алена Струвэ, Менск У Брусэлі пачаліся імпрэзы, прысьвечаныя гадавіне сакавіцкіх падзеяў у цэнтры Менску. У рамках мерапрыемстваў – выстава менскіх фатографаў, якія здымалі леташнія падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, прагляд фільму рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Учора ўвечары ў кавярні Grand Prix Bar адбыўся паказ спэктакляў Свабоднага тэатру пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна.

Grand Prix Bar, што ў цэнтры бэльгійскай сталіцы, мае рэпутацыю добрай і да таго ж вельмі дэмакратычнай рэстарацыі. Таксама ён вабіць брусэльцаў сваімі імпрэзамі. Тут праводзяцца канцэрты, выставы. Учорашнія наведнікі Grand Prix Bar прыйшлі ў кавярню, каб паглядзець спэктаклі менскага Свабоднага тэатру “Быць Гаральдам Пінтэрам” і “Пакаленьне джынс”.

“Я свабодны!” Гэтыя словы –лейтматыў “Пакаленьня джынс”. Аўтар п’есы Мікалай Халезін прысьвяціў яе тым, хто, незалежна ад узросту, апранаецца ў джынсы, аддае перавагу рок-музыцы і закаханы ў свабоду.

Спэктакль “Гаральд Пінтэр” – таксама пра свабоду, а яшчэ і пра выбар творцы, пра праўду ў жыцьці і мастацтве. У спэктакль увайшлі ўрыўкі з твораў вядомага брытанскага драматурга Пінтэра, ягоная нобэлеўская прамова, а таксама лісты вязьняў беларускіх турмаў на волю”.

У часе спэктакляў усё маналёгі і рэплікі актораў перакладаліся на ангельскую мову. Ля сцэны быў усталяваны вялікі экран, па якім ішлі субцітры. Паводле Вольгі Стужынскай, кіраўніцы брусэльскага офісу “За дэмакратычную Беларусь” і арганізатаркі імпрэзы, гледачоў хапала. Гэта была самая шырокая публіка, у тым ліку і бэльгійскія беларусы.

“Былі самыя розныя людзі. Усе яны цікавяцца беларускай сытуацыяй. Мы, са свайго боку, хочам пазнаёміць брусэльцаў з нашымі таленавітымі акторамі, мастакамі, фатографамі, расказаць праз культурніцкія сродкі пра тое, што адбылося ў мінулую вясну ў Менску”,-- сказала Вольга Стужынская.

Учорашні выступ менскіх артыстаў паклаў пачатак цэлай сэрыі імпрэзаў, прысьвечаных гадавіне сакавіцкіх падзеяў у Менску. У гэтыя выходныя брусэльцы змогуць паглядзець фільм рэжысэра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама наведаць выставу менскіх фатографаў.
XS
SM
MD
LG