Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцы імя Лукашэнкі ў Слоніме пакуль не прадбачыцца


Міхал Карневіч, Гародня Як раней паведамляла Свабода, жыхары вёскі Петралевічы выступілі зь ініцыятывай назваць вуліцу, якая злучае іх паселішча са Слонімам, імем А. Лукашэнкі. І вось яны атрымалі адказ з адміністрацыі прэзыдэнта, у якім паведамляецца, што пытаньне аб перайменаваньні вуліцы Петралевіцкай не разглядаецца. Жыхары Петралевіч напісалі новы ліст.

Адказ за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч прыйшоў у Петралевічы на адрас Віктара Марчыка, ініцыятара звароту да прэзыдэнта.

У лісьце ад імя кіраўніка краіны вяскоўцаў дзякуюць за падтрымку яго дзейнасьці й прапанову наведаць Слонім. І ўсё на гэтым. Хоць народ, кажа Віктар Марчык, чакаў іншага – канкрэтыкі, дапамогі ў вырашэньні сваіх праблемаў. Бо ініцыятыва перайменаваньня ўзьнікла толькі з аднае патрэбы, кажа спадар Марчык:

“Тады нам было б лягчэй на месцы ваяваць зь мясцовымі ўладамі. Яго імя яны у той бруд, які мы месім тут штодня, не затапталі б. Думаю, зараз зь імі складаней давядзецца змагацца. Хаця, па праўдзе, мы прадугледжвалі тое, што ніхто гэтай вуліцы пераймяноўваць ня будзе”.

Празь некалькі дзён пасьля ліста спадарыні Пяткевіч у вёску прыяжджалі прадстаўнікі Слонімскага райвыканкаму, сабралі людзей, але нічога суцяшальнага таксама не сказалі:

“Ваду і 500 мэтраў дарогі праводзіць і асфальтаваць ня будуць, паколькі няма сродкаў у бюджэце. Праўда, газ абяцалі правесьці, але 70 адсоткаў -- за кошт вяскоўцаў, а 30 -- за кошт бюджэту. Але ж для большасьці жыхароў гэтыя 70 адсоткаў -- непад’ёмная сума”.

Пытаюся ў намесьніка старшыні райвыканкама па ідэалёгіі, Анатоля Чарэніна, як усё ж улады зьбіраюцца дапамагчы жыхарам Петралевіч.

“Не магу нічога вам канкрэтнага сказаць, паколькі гэта пытаньне намесьніка па будаўніцтву, але дакладна ведаю, што пытаньне газыфікацыі разглядалася й жыхарам будуць прапанаваны нейкія варыянты. Але вось канкрэтна нічога не скажу, паколькі гэта трохі ня наш профіль”.

Днямі спадар Марчык разам зь іншымі сябрамі ініцыятыўнай групы напісалі яшчэ адзін ліст да прэзыдэнта, у якім дакладна сфармуляваныя канкрэтныя просьбы:

“Настойліва вас просім пасадзейнічаць нам і даць загад адпаведным арганізацыям палепшыць умовы нашага пражываньня, паколькі далей мы так болей жыць ня можам. Вёска Петралевічы, якая знаходзіцца ў межах гораду, дагэтуль не газыфікаваная, ваду з калодзежаў піць нельга, бо дзеці хварэюць на жаўтуху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG