Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі і сьвеце сёньня адзначаюць Дзень салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Актывісты дэмакратычнага руху сёньня адзначаюць Дзень салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Гэтым разам яны будуць запальваць сьвечкі, расклейваць партрэты палітвязьняў і зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага на вуліцах гарадоў. Акцыю салідарнасьці ў Беларусі і за мяжой у розных фарматах ладзяць штомесяц 16 чысла ад кастрычніка 2005 году.

Моладзь адмовілася ад правядзеньня масавай вулічнай акцыі, каб пазьбегнуць затрыманьняў і арыштаў напярэдадні Дня Волі. Але актывісты моладзевага дэмакратычнага руху вырашылі адзначыць Дзень салідарнасьці. Гаворыць Эльвіра Пыж:

“Мы будзем зыходзіць з той сытуацыі, што наперадзе вялікая акцыя 25 сакавіка – Дзень Волі. Мы бачым, што ўжо пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні. Акцыі ў Дзень салідарнасьці 16 сакавіка будуць адбывацца ў больш дробным фармаце – альбо вывешваньне расьцяжак, раздача ўлётак, альбо гэта будуць сьвечкі на вуліцы… Але Дзень салідарнасьці павінен быць адзначаны”.

Акцыі салідарнасьці ў розныя часы адбываліся ў фармаце жывых ланцугоў, альбо абмяжоўваліся вывешваньем расьцяжак ці запальваньнем сьвечак перад партрэтамі зьніклых і палітвязьняў. Сёньня ўдзельнікі акцыі пашыраюць сьпіс асобаў, на знак салідарнасьці зь якімі адбываюцца мерапрыемствы 16-га чысла.

Гаворыць старшыня арганізацыі “Моладзь БНФ” Алесь Каліта:

“Гэта й Дзень салідарнасьці беларусаў з тымі адданымі людзьмі, якіх рэпрэсавалі ўлады – гэта й салідарнасьць з пісьменьнікамі, якіх пазбавілі Дому літаратара, маладымі людзьмі, якія цяпер знаходзяцца пад крымінальным перасьледам, з тымі выкладчыкамі, якія цяпер ня могуць весьці выкладчыцкую дзейнасьць, студэнтамі, школьнікамі Беларускага гуманітарнага ліцэю, які цяпер дзейнічае ў падпольлі, – з усім беларускім грамадзтвам, якое, не зважаючы на рэпрэсіі ўсё роўна працягвае барацьбу за свабоду і дэмакратыю нашай Беларусі”.

Студэнты, якія вучацца за межамі Беларусі, запаляць сьвечкі перад будынкамі беларускай амбасады. Вядома, што акцыі адбудуцца ў Літве, Эстоніі, Латвіі, Украіне, Польшчы. Мінакам будуць раздаваць інфармацыйныя ўлёткі пра сытуацыю ў Беларусі.

У Польшчы Дзень салідарнасьці адзначаць у дзесяці гарадах

Адна з акцыяў будзе даволі нязвыклай – ад 12-й да 18-й гадзіны на памежным пераходзе зь Беларусьсю ў Кузьніцы-Беластоцкай актывісты Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі будуць раздаваць беларусам, якія вяртаюцца на радзіму, інфармацыйныя матэрыялы і дакумэнтальныя фільмы. Таксама на мяжы будзе ўсталяваны намёт з выставай здымкаў з акцыяў пратэсту ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG