Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны вандалізм на старых могілках у Пінску


Вячаслаў Кулік, Пінск У Пінску на старажытных могілках, якія зьяўляюцца помнікам гісторыі пачатку 19-га стагодзьдзя, сьпілавалі дрэвы і пашкодзілі надмагільлі. Так званая санітарнае добраўпарадкаваньне пагосту адбылося з дазволу гарадзкой улады. Зараз мясцовыя краязнаўцы рыхтуюць судовы пазоў да чыноўнікаў, адказных за разбурэньні.

Пінскае гарадзкое адзьдзяленьне Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры сьведчыць, што на могілках зьнявечаныя агароджы, паваленыя помнікі і крыжы. Сьпілаваныя 23 дрэвы. Гаворыць сябра суполкі Яраслаў Занькавец:

“Гэта ліпа, клён і вяз. Дрэвы нармальныя, здаровыя, прамыя. Там адзін бук – экзот, штучна пасаджаны. Адпаведна, такія дрэвы нельга ўвогуле сьпілоўваць. На старую частку могілак заяжджалі на грузавым аўтамабілі. Там, дзе пахаваньні Бутрымовіча і Орды”.

У Пінскім гарвыканкаме заяўляюць, што пасьля так званага лесапавалу на могілках зробленыя арганізацыйныя высновы. Звольнены з працы дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Рытуал-градо” Юры Бірыла, які кіраваў працамі. Але чыноўнік па-ранейшаму называе гэта санітарным добраўпарадкаваньнем, санкцыянаваны начальствам.

“Калі ад ветру падае такое вялікае дрэва, то яно накрывае ад 22 да 35 помнікаў. Я вырашыў пайсьці на камісію гарвыканкама, каб далі згоду на знос дрэваў. Атрымаў згоду і мы дрэвы сьпілавалі”.

Не ўтойвае былы дырэктар, што драўніна з могілак скараціла дэфіцыт будматэрыялаў і паліва.

“Усю дзелавую драўніну, так як на прадпрыемстве ёсьць свая піларама, выкарысталі на дошкі. А на ўсё астатняе у нас ёсьць свая качагарка”.



Пінскія краязнаўцы кажуць пра вялікую шкоду. Дагэтуль сагнутая каваная агароджа на магіле бабулі польскага пісьменьніка Рышарда Капусьцінскага. Разбураны помнік з чырвонага граніту маці вядомага архітэктара Івана Жалтоўскага. Зьбіты крыж над сямейным склепам сваякоў Напалеона Орды. Усяго пацярпелі больш за 30 пахаваньняў, у тым ліку і адноўленыя ў гады нацыянальнага адраджэньня напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Гаворыць Алена Лягун, тагачасная захавальніца пагосту.

“Тады працавалі так: БНФ прыходзіць, ношкі бярэ і працуе. Камуністы – працавалі. Школы, усе ПТВ. Я зрабіла перапіс пахаваньняў. Цяпер гарвыканкам кінуў усё гэта. Ён гэтай справай не займаецца”.

Паводле спадарыні Лягун, цяпер каталіцкая суполка Пінска і тутэйшае адзьдзяленьне Саюза палякаў рыхтуюць судовы пазоў. Заяўнікі патрабуюць, каб вінаватыя ў разбурэньнях кампэнсавалі затраты на аднаўленьня могілак. Адначасна, людзі разумеюць, што наўрад ці ўдасца дамагчыся справядлівасьці. Прычыны называе жыхар Пінска Віктар Мостак.

“Горад даў дазвол зваліць. Маўляў, мы зробім тут плот. Дошкі будзем выдаткоўваць на труны дарма і гэтак далей. Але хто каго да адказнасьці прыцягне? Пра што кажаце...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG