Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькам не ўдаецца высьветліць, куды завезьлі Паўла Севярынца


Радыё Свабода Тацяна Севярынец, маці палітыка, сёньня ўдзень даведалася, што ў часе працоўнае зьмены на лесаўчастак у вёсцы Алёшча прыйшла машына з Наваполацкай спэцкамэндатуры. Супрацоўнікі забралі Паўла Севярынца проста з працы і нібыта павезьлі ў Малое Сітна, дзе месьціцца інтэрнат "хімікаў".

Даведаўшыся, што па Паўла прыяжджаў асабіста начальнік спэцкамэндатуры Ігар Дамуць, маці палітыка вырашыла, што сына альбо хочуць дапытаць па справе "Маладога фронту", альбо звышпільная ўвага да яго выкліканая набліжэньнем 25 сакавіка.

Дзяжурны Наваполацкай спэцкамэндатуры, зь якім спадарыня Тацяна размаўляла па тэлефоне, паведаміў, што Севярынца павезьлі ў Малое Сітна з прычыны нейкае ўнутранае праверкі. Мабільнай тэлефоннай сувязі з гэтай вёскай няма, таму з Паўлам пакуль зьвязацца немагчыма. Не ўдаецца датэлефанавацца і да камэнданткі інтэрнату "хімікаў" па звычайным тэлефоне – ніхто не здымае слухаўку.

Тацяна Севярынец наважылася патэлефанаваць непасрэдна да начальніка спэцкамэндатуры спадара Дамуця, каб той патлумачыў, што за праверку праводзяць у дачыненьні да Паўла і дзе ён цяпер знаходзіцца, бо гэта да 21.30 так і не ўдалося высьветліць. Аднак, пазнаўшы голас спадарыні Тацяны, начальнік спэцкамэндатуры адключыў мабільны тэлефон.
XS
SM
MD
LG