Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі адпавядае эўрапэйскім стандартам?


Іна Студзінская, Менск Чаму Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не далучылася да гэтак званага Балёнскага працэсу, які мае выпрацаваць агульныя стандарты вышэйшай адукацыі ў Эўропе?

Адназначна на пытаньне аб ўзроўні вышэйшай адукацыі ў Беларусі адказаць цяжка. З аднаго боку, ёсьць такое паняцьце, як "уцечка мазгоў". Добрыя праграмісты, матэматыкі, фізыкі едуць на Захад, яны там запатрабаваныя і даволі ўдала ўладкоўваюцца. Намесьнік дэкана па навуковай рабоце фізычнага факультэта БДУ Аляксей Толсьцік кажа:

“Нашым выпускнікам, якія паступаюць у асьпірантуру альбо едуць працаваць у тую ж Нямеччыну альбо ў ЗША, ніякіх пацьверджаньняў дыплёмаў не патрабуецца. Нашы дыплёмы па дакладных навуках вельмі добра каціруюцца ў сьвеце, і ў Эўропе, і ў Амэрыцы. І ў акадэміі навук, і ва ўнівэрсытэце ёсьць вельмі добрыя навуковыя групы па дакладных навуках, якія на вельмі высокім міжнародным узроўні працуюць. І гранты міжнародныя маюць. Сувязі па дакладных навуках вельмі добрыя”.

Былы прэзыдэнт Акадэміі навук, прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук Аляксандар Вайтовіч лічыць, што на Захадзе часьцей за ўсё глядзяць не на дыплём, а ацэньваюць чалавека як спэцыяліста ў сваёй сфэры.

"Яны гатовыя запрасіць чалавека папрацаваць, і яны бачаць, што ён уяўляе сабой як спэцыяліст. Сапраўды, у прыродазнаўчых навуках нашы маладыя кадры, спэцыялісты добра падрыхтаваныя, і знаходзяць сабе прымяненьне там. Што тычыцца гуманітарных навук, ніякага попыту на нашых спэцыялістаў няма. Што тычыцца мэдычных кадраў, тут нейкая сытуацыя іншая: там такое магутнае мэдыцынскае лобі, што яно не дапускае да сябе канкурэнтаў, а ставіць розныя перашкоды: дадатковыя экзамэны трэба здаваць".

Так, беларускім мэдыкам, нягледзячы на даволі высокі ўзровень ведаў, даводзіцца ва ўсіх краінах сьвету пацьвярджаць свой дыплём. Беларускія гуманітарныя дыплёмы наагул не каціруюцца ў сьвеце. Меркаваньне філёзафа Алеся Анціпенкі:

“Да стандартаў эўрапейскіх нашай адукацыі проста далёка. Прынамсі, што тычыцца гуманітарнай адукацыі. Калі ў аснове заходняй адукацыі ляжыць канцэпцыя чалавека, які дзякуючы адукацыі мусіць набываць свабоду як сацыяльная асоба, і вялікія мажлівасьці прадукаваньня самых розных альтэрнатыўных сытуацыяў як у прафэсіянала, то наша адукацыя такой задачы і такой канцэпцыі чалавека ўнутры сябе пакуль што не ўтрымлівае”.

Беларусь застаецца бадай што адзінай сярод дзясяткаў эўрапейскай краінаў, якая не далучылася да Балёнскага працэсу. Сутнасьць Балёнскага працэсу – у фармаваньні агульнаэўрапейскай сыстэмы вышэйшай адукацыі, якая называецца Зонай эўрапейскай вышэйшай адукацыі.

Многія беларускія ВНУ прынамсі перайшлі на прынятую ў Эўропе двухроўневую сыстэму падрыхтоўкі спэцыялістаў. Новая рэдакцыя Закона аб адукацыі, якая павінна быць канчаткова прынятая на веснавой сэсіі парлямэнту, прадугледжвае гэта, кажа намесьнік дэкана па навуковай рабоце фізычнага факультэта БДУ Аляксей Толсьцік:

"Фармальна мы патрапляем пад Балёнскі працэс. У нас рыхтуюць спэцыялістаў і магістраў. Два гады студэнты навучаюцца па агульных курсах, з трэцяга курсу пачынаецца спэцыялізацыя. У выніку нашы студэнты 3 гады спэцыялізуюцца на дадзеным накірунку. Таму маё асабістае меркаваньне -- нашы выпускнікі і цэняцца на Захадзе, таму што ў іх такая паглыбленая падрыхтоўка".

Тым ня менш Алесь Анціпенка лічыць, што Беларусь фактычна застаецца па-за Балёнскай канвэнцыяй.

“Балёнскі працэс вымагае дэідэалягізацыі адукацыі. Наша адукацыя ідэалягізаваная. Менавіта ў такім фармаце, у якім яна ёсьць, яна патрэбная дзяржаве. Яна патрэбная дзеля таго, каб людзі, якіх дзяржава навучае, былі прыхільнікамі ейнай – дзяржавы – ідэалёгіі. Насамрэч, ня столькі дзяржавы, колькі таго рэжыму, які зьяўляецца сёньня манапалістам дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG