Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Розныя-Роўныя” разьбіваюць стэрэатыпы ў стаўленьні да інвалідаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Аб’яднаньне “Розныя-Роўныя” распачало 15 сакавіка акцыю пад назвай “Кіно без абмежаваных магчымасьцяў”. У менскай бібліятэцы імя Пушкіна адбыўся відэапаказ фільмаў маскоўскага міжнароднага кінафэстывалю “Кіно без бар’ераў”. У праграме мастацкія, дакумэнтальныя і анімацыйныя фільмы, якія распавядаюць пра жыцьцё інвалідаў.

Паказ пачаўся з аўстралійскага анімацыйнага фільму пад назвай “Харві Крампэт”. Адзін хлопчык нарадзіўся ў Польшчы ў 1922 годзе ў сям’і шахцёра. Англамоўны фільм мае расейскія субтытры, але агучваецца сынхронна для невідушчых людзей. Далей пра Харвіка Мілаша Катэцкага, які з пачаткам Другой сусьветнай вайны эміграваў у Аўстралію і стаўся Харві Крампэтам:

Кавалак з фільму: “Пры сустрэчы зь людзьмі, яму абавязкова трэба было крануць іх за нос. Лекары сказалі, што ў яго сындром турыта. Расстройства мозгу, пры якім людзі ня могуць кантраляваць свае парывы. Гэта ўсё роўна, што спрабаваць не чыхаць”.

Мультфільм пра складанае жыцьцё інваліда зроблены з добрым гумарам, дзе напрыканцы герой пасьля роспачы разумее, што няма нічога лепшага за жыцьцё.

...Прасторная заля. Шмат прысутных. Большасьць прысутных не інваліды. Шмат тых, хто прыйшоў пацікавіцца, і дазнацца болей:

Хлопец: “Я б хацеў далучыцца да такой працы… Папросту ня бачу для сябе пэрсанальна шляхоў. Напрыклад, праца ў псыханэўралягічным дыспансэры для мяне занадта цяжкая псыхалягічна. Ведаю, што ня вытрымаю. У іх занадта складаныя для мяне праблемы, я занадта слабы чалавек. А, напрыклад, інваліды-вазочнікі, людзі, якім мне значна прасьцей дапамагаць, яны пакуль што занадта далёка ад мяне”.

Дзяўчына Вольга якая працуе добраахвотніцай зь дзецьмі ў псыханэўралягічным дыспансэры ў Навінках:

“Мне падаецца, што мерапрыемствы такога кшталту скіраваныя на фармаваньне пазытыўнага стаўленьня да інвалідаў у “нармальных” людзей. Тут не ідзе гаворка пра нейкую інтэграцыю ці суіснаваньне. Тут ідзе праца па разьбіваньні стэрэатыпаў, якія існуюць у моладзі. У альтэрнатыўнай моладзі. Бо збольшага людзі, які прыйшлі сюды, гэта людзі альтэрнатыўнага складу”.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства Вадзім Калошкін, прадстаўнік арганізацыі “Розныя-Роўныя”, мае праблему з рухальным апаратам. Вадзім Калошкін падкрэсьлівае, што ўся розьніца паміж інвалідам і неінвалідам можа быць адно ў вазку, мыліцах ці чорных акулярах, і ня болей:

“Наша ўнікальнасьць палягае ў тым, што мы працуем у інтэграваных камандах. То бок у нас у праектах удзельнічаюць і інваліды, і здаровая моладзь разам на роўных умовах”.

Арганізатары плянуюць ладзіць паказ “Кіно без абмежаваных магчымасьцяў” штомесяц цягам году.

У глядацкай залі
XS
SM
MD
LG