Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мае ведаць адукаваны чалавек ХХІ стагодзьдзя?


Тацяна Поклад, Прага Гарвард, найбагацейшы, найстарэйшы і, бадай, найбольш уплывовы унівэрсытэт Амэрыкі, пачынае рэфармаваць сваю навучальную праграму і высьвятляе, што азначае быць адукаваным чалавекам у ХХІ стагодзьдзі.

Нядаўняя справаздача вядучых прафэсараў Гарварду рэкамэндуе такія унівэрсытэцкія курсы, якія падрыхтуюць студэнтаў да грамадзкага жыцьця, да арыентацыі на зьмены ў грамадзтве і на асэнсаваньне этычнага падтэксту іх дзеяньняў.

Як кажа прафэсарка філязофіі Элісан Сіманз, “мэта была – дапамагчы студэнтам знайсьці сувязь паміж тым, што яны вывучаюць у аўдыторыях, і іх жыцьцём у ХХІ стагодзьдзі”. Прафэсарка тлумачыць, што тут няма памкненьня “сказаць, што адукаваны чалавек павінен ведаць тое і гэта”, але сэнс у тым, што адукаваны чалавек “мае валодаць пэўным комплексам здольнасьцяў: быць здольным інтэрпрэтаваць, вырашаць праблемы, мысьліць – разважаць, крытыкаваць”.

Крытыка ранейшай навучальнай праграмы, створанай у 1970-х гадох, палягае ў тым, што яна дазваляла прафэсарам вучыць студэнтаў вузкаспэцыялізаваным альбо цьмяна вызначаным прадметам. Гарвардзкія студэнты каля чвэрці ад усяго свайго часу навучаньня займаліся прадметамі, абавязковымі паводле агульных патрабаваньняў. У ХХІ стагодзьдзі гэта успрымацца як марнаваньне часу.

Паводле новай праграмы, ад кожнага студэнта будзе патрабавацца вывучыць адзін курс у кожнай з 8 катэгорыяў:

1. Навука аб сыстэмах жыцьця;

2. Навука аб фізычным сусьвеце;

3. Навукі пра сьвет, у якія ўлучаныя этнічныя асаблівасьці, дзяржаўнасьць і ўрад;

4. Эмпірычная аргумэнтацыя, што ўлучае і курсы, на якіх вучаць ацэньваць інфармацыю;

5. Этычная аргумэнтацыя, што ахоплівае філязофію, палітычную тэорыю і рэлігіі;

6. Эстэтычнае і інтэрпрэтацыйнае разуменьне, якое ўлучае літаратуру, мастацтва і музыку;

7. Культура і вераваньні, якія будуць вывучацца ў кантэксьце;

8. ЗША ў сьвеце, дзе студэнты будуць таксама вывучаць асаблівасьці амэрыканскага грамадзтва.

Рэформа таксама мае паспрыяць “навучаньню, якое грунтуецца на актыўным дзеяньні”, што мае злучыць акадэмічную працу зь дзейнасьцю, якая выходзіць за рамкі навучальнай праграмы, за сьцены унівэрсытэту.

Такая дзейнасьць актыўна заахвочваецца ў Гарвардзе і вельмі папулярная сярод студэнтаў. Гэта і творчыя і мастацкія працы, і студэнцкія публікацыі ў газэтах, і добраахвотная праца ў часе палітычных кампаніяў, і стажыроўкі у разнастайных кампаніях і прадпрыемствах. Важна, паводле ініцыятараў рэформы, каб гэтая разнастайная дзейнасьць па-за унівэрсытэтам была злучаная з тым, што вывучаецца ў аўдыторыях.

Справаздача, падрыхтаваная прафэсарамі Гарварду зь ініцыятывамі рэформаў, як паведамляецца, увогуле ўспрынятая станоўча. І, натуральна, ёсьць скептыкі – некаторыя прафэсары маюць сумневы адносна таго, як гэтыя рэформы будуць выглядаць на практыцы. Адзін з гарвардзкіх прафэсараў заявіў, што будзе вельмі складана ажыцьцявіць у Гарвардзе такую рэформу, паколькі дасюль адукацыя была арыентаваная на посьпехі студэнтаў менавіта ў вузкіх спэцыялізацыях.

Прапанаваныя рэформы аформленыя як заканадаўчая ініцыятыва, і галасаваньне адбудзецца ў красавіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG