Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аблога 15 сакавіка


Юлія Шарова, Менск

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул “Ці адменяць “залатую акцыю”?” Як вядома, магчымасьць адмены “залатой акцыі”, якая дазваляе дзяржаве ўвешвацца ў кіраваньне акцыянэрнымі прадпрыемствамі, цяпер разглядаецца ва ўрадзе Беларусі. Удзельнікі форумаў камэнтуюць.

“Як жа ж хутка эканоміка расстаўляе ўсё на свае месцы. Варта было крыху закруціць кранік…”

“Інстытут “залатой акцыі” існаваў таксама не ад самога пачатку, наколькі я памятаю. Увялі пасьля разьдзяржаўленьня ўжо. І цяпер адменяць – але дзе гарантыя, што, набраўшы інвэстыцыяў, ужо не ўвядуць… але хто адважыцца даць адразу вялікія інвэстыцыі цераз засьцярогу, што зноў увядуць “залатую акцыю”.

“Самая галоўная праблема гэтай улады – гэта недавер да яе, якія законы ні былі б. Будзе ці не “залатая акцыя” – не істотна”.

“Усё размовы, размовы… “Ён сказаў, яны абмеркавалі, плянуецца ўвесьці…” На мой погляд, ідзе імітацыя намечаных зьменаў, маючы ў канчатковым выніку пакінуць ўсё па-ранейшаму”.

Алесь Чайчыц на сайце блогаў Позірк піша: “…я хачу вярнуцца ў Беларусь. Хаця ў маім выпадку хутчэй пасуе слова “рэпатрыявацца”, бо амаль што ўсё жыцьцё я пражыў далёка ад Беларусі, ніколі ня быў беларускім грамадзянінам і нават не нарадзіўся ў Беларусі. Па маіх назіраньнях, 95% людзей у маёй сытуацыі (а нас такіх тысячы і дзясяткі тысячаў) даўно забыліся на сваё беларускае паходжаньне. Але ў гэтых самых пяці адсоткаў у нейкі незаўважаны момант у галаве нешта шчоўкнула, і — switch! — з кокану звычайнага расейскага дзіцяці зьявіўся нацыянальна сьвядомы беларус… Такіх людзей няшмат, але яны ёсьць. І яны хочуць, мы хочам быць Беларусьсю. Будзе магчымасьць — будзе Беларусь мець нас грамадзянаў. Ня будзе — станецца большасьць з нас празь дзясятак гадоў звычайнымі расейскімі абываталямі. Абрасьцем сем’ямі, расейскамоўнымі дзецьмі, маёмасьцю, бізнэсам, справамі. І рэдкімі вечарамі будзе раптам сэрца слаба чуць нейкі покліч, будзе цягнуцца рука да слухаўкі патэлефанаваць старым, два гады ня бачаным сябрам з маскоўскага ТБК, будуць пальцы набіраць URL масквы.нэт: “а што там новага робіцца…?”

У сеціве зьявіўся новы сайт пад назвай Сяргей Касьцян live journal. Праўда, гэта не пэрсанальная старонка на папулярным сайце віртуальных дзеньнікаў. На сайце сабраныя вядомыя выказваньні дэпутата Палаты Прадстаўнікоў на актуальных палітычных і сацыяльных пытаньнях. Вось, напрыклад, цытата ў сайту расейскай службы ВВС ад 22 красавіка 2005 году. Дэпутат Сяргей Касьцян выказваецца: “Хацеў бы папярэдзіць і Кандалізу Райс, і ейнага патрона Буша. Мы, славяне, усталёўвалі свой сьцяг у Парыжу, мы тройчы ўсталёўвалі яго ў Бэрліне. Да Вашынгтона мы таксама дабярэмся і ўсталюем там наш сьцяг Перамогі”.

Longbowgirl зьмяшчае ў сваім жывым журнале ўражаньні ад наведваньня спэктакля тэатру імя Горкага “Утаймаваньне свавольнай”. “Разбавілі Шэксьпіра Шэксьпірам: запхнулі дзесятак санэтаў у выглядзе арыяў ды ансамбляў… Заля поўная, для гледачоў з запрашальнікамі нават не знайшлі вольных месцаў… Народ радасна сьмяяўся дзе трэба, зь імпэтам пляскаў у ладкі і як звычайна “арганізоўваў уздыманьне”. Гэх, загубіць нашых артыстаў уздыманьне залі. Яны ж думаюць, напэўна, што гэта дзякуючы іхнаму прыўкраснаму граньню. А насамрэч людзі ў гардэроб сьпяшаюцца”.
XS
SM
MD
LG