Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабраныя 773 подпісы ў абарону кляштара бэрнардынцаў


Радыё Свабода Менская рымска-каталіцкая абшчына сьвятога Іосіфа, зарэгістраваная ў Касьцёле сьвятых Сымона і Алены сталіцы, сабрала ўжо 773 подпісы пад зваротам да кіраўніка дзяржавы з заклікам вярнуць вернікам помнік архітэктуры барока XVII стагодзьдзя -- комплекс будынкаў кляштара бэрнардынцаў з касьцёлам, разьмешчаных па вуліцы Кірыла і Мятода, 4,6,8.

Як паведаміла БелаПАН сябра член камітэта абшчыны Івона Мацукевіч, збор подпісаў пачаўся 7 сакавіка пасьля таго, як стала вядома аб плянах Менскага гарвыканкаму перадаць будынкі інвэстарам для іх рэканструкцыі і прыстасаваньня пад гатэльны комплекс і аб''екты гандлёва-бытавога прызначэньня. "Ужо 13 сакавіка мы накіравалі звароты з 773 подпісамі прэзыдэнту краіны, а цяпер працягваем гэту акцыю", - сказала І.Мацукевіч.

"Самае страшнае - калі людзей падманваюць улады, -- заявіла яна. – Летась у траўні, яшчэ за некалькі дзён да рашэньня Менгарвыканкаму аб перадачы сьвятыні інвэстарам, нас запэўнівалі ў тым, што будынкі будуць вернуты вернікам".

Вернік Алесь Белы, у сваю чаргу, зьвярнуў увагу на тое, што кляштар бэрнардынцаў, узьведзены на дабрачынныя, а не дзяржаўныя сродкі, быў незаконна канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імпэрыі пасьля падаўленьня нацыянальна-вызваленчага паўстаньня супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. "І ў незалежнай Беларусі трэба было б адмяніць гэту несправядлівасьць, тым больш што ў сталіцы, дзе 30 каталіцкіх абшчын маюць толькі шэсьць храмаў, катастрафічна не хапае касьцёлаў", - сказаў А.Белы.

У інтэрвію БелаПАН старшыня грамадзкага аб''яднаньня "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў паведаміў, што ТБМ таксама пачало збор подпісаў за перадачу вернікам будынкаў былога кляштара.

Цяпер у будынку былога храма разьмяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Пачынаючы з 19 сакавіка 2004 года вернікі двойчы на дзень праводзяць набажэнствы каля будынку былога касьцёла.
XS
SM
MD
LG