Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьявяцца іншыя палітвязьні, і гэта будзе вынікам працы Уты Цапф”


Віталь Цыганкоў, Менск Cёньня ў Менску адбыўся сэмінар “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках Эўрапейскай стратэгіі суседзтва” пад старшынствам віцэ-спікера Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца і кіраўніцы працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Уты Цапф. Некаторыя прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці ўзялі ўдзел у гэтым сэмінары, а некаторыя адмовіліся і выказалі вельмі крытычнае стаўленьне да гэтай падзеі. У нашай перадачы “Экспэртыза Свабоды” свае аргумэнты выказваюць ўдзельніца сэмінару старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, які лічыць, што сэмінар “служыць умацаваньню рэпрэсіўнага рэжыму, а не дэмакратызацыі Беларусі”.

Слухаць:



Літвіна: Будзе страшэнных перабольшваньнем назваць гэты сэмінар пачаткам дыялёгу

Цыганкоў: Спадарыня Літвіна, якія мэты вы перад сабой ставілі, калі пагадзіліся ўзяць удзел у гэтым сэмінары? Якая звышзадача, на Вашую думку, павінна стаяць перад удзельнікамі гэтай падзеі з боку дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці?

Літвіна: Я лічу, што беларуская грамадзянская супольнасьць павінна абвясьціць сябе рэальным партнэрам Эўразьвязу па напаўненьні рэальным зьместам кожнага пункту стратэгіі Эўразьвязу да Беларусі. Адзін з ключавых момантаў – патрабаваньне да беларускага ўраду забясьпечыць журналістам магчымасьць прафэсійнай працы бяз ціску і перасьледу, а беларускім грамадзянам – свабодна атрымліваць інфармацыю. Усё гэта ўжо прагучала на сэмінары.

Сам факт правядзеньня гэтага сэмінару – чарговы знак, што Беларусь ёсьць і будзе самастойным суб’ектам міжнароднай палітыкі.

Цыганкоў: Палітыкі, якія крытычна ставяцца да сэмінару, кажуць што рэжым Лукашэнкі не пакуль зрабіў ніякіх крокаў па дэмакратызацыі, ня выканаў ніякіх патрабаваньняў Эўразьвязу. Яны сьцьвярджаюць, што нельга весьці ніякіх размоваў з рэжымам, пакуль ён ня выпусьціў палітычных вязьняў. Ваша стаўленьне да гэтых аргумэнтаў.

“Проста кожны з бакоў мусіць агучыць сваю пазыцыю”

Літвіна: Будзе страшэнных перабольшваньнем назваць гэты сэмінар пачаткам дыялёгу. Не, проста кожны з бакоў мусіць агучыць сваю пазыцыю. Я гаварыла ў сваім выступе, што для пачатку дыялёгу ўлада павінна адмовіцца ад манаполіі на інфармацыйную прастору. Гаварыла я і пра тое, што адказам на пытаньне, ці гатовыя ўлады да дыялёгу павінна быць вяртаньне незалежнай прэсы ў беларускія друкарні. Другая ўмова ля пачатку дыялёгу – павінен быць уведзены мараторый на самыя адыёзныя артыкулы крымінальную кодэксу, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць фактычна за свабоду выказваньняў.

Цыганкоў: Я бачу, што Вы не перабольшваеце свае чаканьні ад сэмінару...

Літвіна: Я цалкам рэальны чалавек, які імкнецца адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Спадзяваньняў, што зараз адбудуцца радыкальныя зьмены, няма. Наадварот, складваецца ўражаньне, што ўлады ня ў стане адмовіцца ад сваёй манаполіі на інфармацыйную прастору і зьмяніць стаўленьне да СМІ як прапагандысцкай машыны.

Цыганкоў: Калі Вы ня верыце ў нейкі надзвычайны эфэкт ад гэтай падзеі, для чаго тады браць удзел у гэтым сэмінары?

Літвіна: Для таго, каб данесьці сваю пазыцыю. Каб перад прадстаўнікамі эўрапейскіх інстытуцыяў не гучала толькі адна пазыцыя. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці павінны былі быць на сэмінары. Каб не дазволіць адкрыта хлусіць.

Саньнікаў: Сэмінар ськіраваны не на дыялёг, а на прызнаньне рэжыму.

Цыганкоў: Удзельнікі сэмінару з боку дэмакратычнай супольнасьці заяўляюць, што галоўная іхняя мэта была ў тым, каб данесьці сваю думку і эўрапейскім палітыкам і беларускім афіцыйным дэпутатам. Чаму Вы лічыце, што ім ня варта было браць удзел у гэтай падзеі?

Саньнікаў: Таму што ў гэтым няма сэнсу. Думка дэмакратычнай грамадзкасьці добра вядома і эўрапейскім палітыкам, і беларускі уладам. Амаральна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, фармат якіх вызначаны ўладамі. Патрабаваньні аб вызваленьні палітычных вязьняў павінны быць кансалідаваныя. У гэтым пытаньні мусіць быць салідарнасьць, як у самой Беларусі паміж усімі партыямі, гэтак і ў Эўропе. Ладзіць такія сэмінары, калі ў турмах знаходзяцца нашы сябры – гэта падтрымка рэжыму.

Цыганкоў: Дзе тая мяжа, пасьля якой дэмакратычныя сілы могуць пачаць дыялёг з беларускай уладай. Гэта вызваленьне палітычных вязьняў альбо больш шырокае кола патрабаваньняў? Ці ня можа быць так, што ўлада ніколі іх ня выканае, і адпаведна ніколі зь ёй не магчыма будзе пачаць дыялёг.

Саньнікаў: Зараз насамрэч даволі ўнікальны момант, калі стаіць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі, і гэта пытаньне цяпер можна злучыць з пытаньнем дэмакратызацыі. Трэба адчуваць гэты момант, і не рабіць памылак, такіх як удзел у мерапрыемствах, якія не ўмацоўваюць незалежнасьць і не вядуць да дэмакратызацыі. Пытаньне стаяла пра дыялёг апазыцыі і ўлады, абмеркаваньне ўмоваў гэтага дыялёгу. Толькі пасьля гэтага можна выходзіць на дыялёг з Эўропай. Ёсьць пасярэднікі з боку Эўропы, якія дапамагаюць дэмакратыі ў Беларусі, а ёсьць пасярэднікі, якія замінаюць.

Зьявяцца іншыя палітвязьні, і гэта будзе вынікам працы Уты Цапф

Цыганкоў: Пазыцыя Уты Цапф Вас відавочна не задавальняе. А што б Вы хацелі ад эўрапейскіх палітыкаў, як, па-Вашаму, яны павінны сабе паводзіць?

Саньнікаў: З боку дэмакратычных сілаў было прапанавана распачаць дыскусію ўнутры Беларусі. І гэта павінна было быць падтрымана эўрапейскімі палітыкамі. Беларускія ўлады мусілі сутыкнуцца з кансалідаванай пазыцыяй Эўропы ў гэтым пытаньні. Але гэты сэмінар скіраваны не на дыялёг, а на прызнаньне рэжыму. Прызнаньне рэжыму ў тым выглядзе, у якім ён існуе, немагчыма.

Цыганкоў: Крытыкі могуць сказаць, што Вы надаеце занадта вялікае значэньне гэтаму сэмінару. Магчыма, ён не вядзе да такіх радыкальных высноваў, як прызнаньне рэжыму – гэта толькі першы крок, каб высьветліць пазыцыі, і гэтак далей...

Саньнікаў: Так, я надаю вялізарнае значэньне такім мерапрыемствам. Бо я ведаю, што пасьля ад’езду Уты Цапф Вячорку і Сіўчыка пасадзяць у турму, зьявяцца іншыя палітвязьні, і гэта будзе вынікам працы Уты Цапф і яе групы.
XS
SM
MD
LG