Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: “І ўсё ж гэтая сустрэча была патрэбная”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску адбыўся міжнародны сэмінар “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва”. Ён праходзіў пад старшынёўствам кіраўніцы Рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ дэпутаткі Бундэстагу Уты Цапф і намесьніка кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца.

У перапынку сэмінару я запытаў пра стаўленьне спадарыні Цапф да выказваньняў некаторых апазыцыйных палітыкаў, якія лічаць, што сэмінар ня варта было праводзіць. Бо амаль за тры гады, што мінулі з моманту адпаведнай дамовы, беларускія ўлады не зрабілі ніякіх крокаў у бок дэмакратызацыі. Прынамсі, дагэтуль ня зьменены Выбарчы кодэкс.

Кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі адказала, што яна разумее складанасьць сытуацыі, але ўпэўненая, што памылкі тут няма:

“Я лічу сэмінар неабходным, таму што ў дачыненьнях паміж краінамі й арганізацыямі ня ўсё адбываецца адразу. Трэба рухацца наперад, крок за крокам. Кожная дзяржава мае свой час для разьвязаньня сваіх пытаньняў – прынамсі, Выбарчага кодэксу. Я спадзяюся, што мы яшчэ вернемся да гэтай праблемы пазьней.

З другога боку, нават калі б выбарчае заканадаўства не зьмянілася, але выконвалася ў поўным аб’ёме, дык і гэта было б вялікім прагрэсам у заканадаўчай сыстэме Беларусі й дапамагло б зрабіць працэс больш празрыстым і справядлівым. І вынік быў бы лепшы”.

Удзельнік сэмінару дэпутат Савету Рэспублікі Анатоль Малафееў лічыць, што сёньня тэма дачыненьняў Беларусі й Эўразьвязу робіцца значна больш актуальнай, чым раней:

“Я лічу, што першы разумны і прадуманы крок Эўразьвязу – знайсьці сёньня рашэньні, якія дазвалялі б Беларусі хутчэй ды актыўней уключацца ў палітыку суседзтва Эўразьвязу”.

Удзельнік сэмінару старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас зьвярнуў увагу на гэты пасаж спадара Малафеева:

“Гэта рэха неадбытага нафтагазавага выбуху, які шмат каму добра выправіў мазгі і дапамог пабачыць рэальнасьць такой, якой яна можа быць, калі з-пад нашай эканомікі выб’юць энэргетычную мыліцу і калі нам прыйдзецца жыць паводле сродкаў”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, які таксама ўдзельнічаў у сэмінары, кажа, што ён і ягоныя калегі гатовыя ў любы момант сесьці за стол перамоваў і шукаць паразуменьня:

“І насамрэч тут не патрэбныя пасярэднікі з эўрапейскіх структураў. Але для плённага дыялёгу патрэбная перадусім добрая воля афіцыйных беларускіх асобаў”.

У залі самітаў Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праходзіў міжнародны сэмінар
XS
SM
MD
LG