Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра пэрспэктывы дыялёгу Захаду й афіцыйнага Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск Многія прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі ня ўдзельнічалі ў сёньняшнім міжнародным сэмінары “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва”, які ладзіла кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ута Цапф. Як прадстаўнікі апазыцыі і ўлады ставяцца да магчымага дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Эўропай?

Прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай лічаць, што спробы наладзіць дыялёг Эўропы зь беларускімі ўладамі рэальных вынікаў не прынясуць. Гаворыць сакратар ПКБ Алена Скрыган:

“Ня першы ўжо досьвед удзелу ў сэмінарах прадстаўнікоў грамадзкасьці разам з дэпутатамі Палаты і разам з уладай пры ўдзеле міжнародных структураў. Калі гэтыя мерапрыемствы адбываюцца, зьяўляецца нейкая надзея. У той дзень могуць быць нейкія гутаркі ў кулюарах, нейкія надзеі. Ута Цапф не ўпершыню пачынае гэтыя размовы, і яны яшчэ ніколі не заканчваліся вынікова”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных справаў Беларусі ў эўрапейскіх структурах Сяргей Гайдукевіч такі дыялёг вітае:

“Я зусім нядаўна пісаў вярхоўнаму камісару Хавіеру Саляну пра тое, што альтэрнатывы дыялёгу няма. Таму я лічу, што любы пачатак дыялёгу, любога фармату — гэта ўсё на карысьць знаходжаньня праўды і руху наперад. Бо ва ўсіх выпадках абсалютна відавочна, што збліжэньне з Эўрапейскім Зьвязам выгаднае для двух бакоў – нашай дзяржаве і эўрапейскім калегам. Пункты сутыкненьня, момант высьвятленьня ісьціны павінен спрыяць разьвіцьцю дэмакратычных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь”.

Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ў гэтым дыялёгу павінны ўдзельнічаць усе інстытуты грамадзянскай супольнасьці, а ня толькі апазыцыя.

Ніякіх вынікаў ад сэмінару не чакае лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Гэта супадае з эўрапейскай мэнтальнасьцю, такія камунікацыі для іх вельмі важны працэс. Але з гледзішча ўнутры краіны, гэта пакуль абсалютна не ўплывае ні на тое, што адбываецца, ні на тое, з чым мы сутыкнемся праз пэўны прамежак часу. Сытуацыя ў Беларусі праз гэта не мяняецца. Бо прадстаўнікі Палаты, на вялікі жаль, ня выбраныя, а прызначаныя. Разьлічваць на іх як на суб’ект беларускай палітыкі было б няправільна”.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч называе ўдзел у сэмінары прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці памылкай. Ляўковіч мяркуе, што ўдзельнікам сэмінару не стае пэўнай пазыцыі:

“Тое, што адбыўся сэмінар, на які запрасілі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, былых дэпутатаў, я лічу няправільнай пазыцыяй. Бо беларуская ўлада не зрабіла ніводнага кроку насустрач прапановам, якія былі зробленыя Эўразьвязам. І гэтая пазыцыя ў мяне выклікае крытычнае стаўленьне. У прынцыпе, гэта – адсутнасьць пазыцыі”.

Прадстаўнікі апазыцыі асобна сустрэнуцца з Утай Цапф.
XS
SM
MD
LG