Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці затрыманага актывіста не дазваляюць спатканьне з сынам


Радыё Свабода Раіса Дзянісава спадзяецца, што зможа дамагчыся хаця б часовага вызваленьня сына Дзяніса зь віцебскага сьледчага ізалятару №2 — пад паруку ды падпіску пра нявыезд да суду ў ягонай справе.

Кантакты маці зь Дзянісам, які застаецца пад вартай ужо месяц, пакуль што абмяжоўваюцца перапіскай ды перадачамі, якія дапамагаюць рыхтаваць сябры ды мясцовае прадстаўніцтва праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Моладзевы актывіст і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі — падазраваны ў справе, якую распачалі паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, “арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”.

Сьледчы Дзьмітры Новікаў паведаміў Раісе Дзянісавай, што тэрмін затрыманьня сына працягнуты яшчэ на месяц — нягледзячы на тое, што папярэдне сьледзтва меркавалі завяршыць да 16 сакавіка.

“Мне сьледчы сказаў, што сьледзтва працягнулі да 16 красавіка. Я хадзіла да сьледчага, каб папрасіць спатканьня зь Дзянісам. Але ён сказаў: “Нельга. А навошта вам спатканьне? Глядзіце на сынавы фотакарткі, калі вам сумна!” Я пытаюся: “Што ж ён за злачынства такое зрабіў? Ён жа ні цягнік не спыніў, ні прадпрыемства”. — “Але, — кажа, — няхай пасядзіць і падумае!” — распавяла маці маладога актывіста.

Сьледчы патлумачыў Раісе Дзянісавай, што строгія ўмовы ўтрыманьня сына тлумачацца тым, што ён паўгоду хаваўся ад міліцыі. Справу на яго завялі яшчэ ў чэрвені летась, калі група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” некалькі дзён распаўсюджвала ў горадзе ўлёткі, вывешвала расьцяжкі й бел-чырвона-белы сьцяг.

Раіса Дзянісава спадзяецца, што Дзяніса ўсё ж адпусьцяць з-пад варты: такі варыянт вызваленьня пад паруку ды падпіску пра нявыезд падказаў ёй адвакат Пятро Каваленка.

“Сёньня я яму патэлефанавала, спыталася: “Пётар Фёдаравіч, як там нашыя справы?” Ён кажа: “Усё! Паручальнікі ёсьць”. Ён, напэўна, пагаварыў ужо з гэтымі паручальнікамі ды напісаў хадайніцтвы да пракурора ды сьледчага. Цяпер яны мусяць вырашаць. Мне сказалі: “Пра вынікі тэлефануйце ў суботу, у суботу мы працуем”, — кажа Раіса Дзянісава.

Паручыцца за Дзяніса Дзянісава, каб яго адпусьцілі дахаты да суду, узялася актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Спадарыня Бандарэнка падкрэсьліла, што пайшла ў паручальнікі менавіта з грамадзкіх пачуцьцяў, бо памятае Дзяніса Дзянісава перадусім як аднаго з актывістаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы.

“Менавіта з грамадзкіх пачуцьцяў! Бо так блізка мы не знаёмыя — сустракаліся хіба на нейкіх мітынгах. Але я лічу, тым, што зрабілі нашы дзеці мінулым годам, — я маю на ўвазе плошчу Каліноўскага — яны паказалі прыклад усім нам. Трэба ж дапамагаць нашым дзецям!” — мяркуе Зінаіда Бандарэнка.

Калі суд прызнае Дзянісава вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, яму пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG