Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дата Кангрэсу дэмсілаў будзе прызначаная пасьля дасягненьня згоды (фота)


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Найбольш абмяркоўвалі тэму чарговага кангрэсу.

Сябры палітрады галасавалі наконт дзьвюх прапановаў. Адну зь іх ўзгаднілі лідэры Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. Другую агучыў старшыня палітрады Аляксандар Мілінкевіч — і за яе прагаласавала бальшыня.

Абодва бакі пагадзіліся прыняць за аснову прапанаваны раней спадаром Вячоркам дакумэнт “Кампраміс дзеля адзінства”. Пагадняльная камісія мае да 25 сакавіка, з улікам прапановаў суб’ектаў палітрады, падрыхтаваць для падпісаньня праект “Кампрамісу дзеля адзінства”. Пасьля гэтага палітрада павінна вырашыць, калі пройдзе кангрэс.

Частка ўдзельнікаў палітрады, сярод якіх спадар Калякін, выказалася за прызначэньне кангрэсу на 21—22 красавіка. Заўтра спадар Калякін ладзіць у офісе АГП сустрэчу прыхільнікаў кангрэсу.

Падчас дыскусіі Сяргей Калякін выказаўся нават за роспуск палітрады, калі ня будзе кангрэсу. Ці зьбіраецца ён хадзіць на паседжаньні палітрады?

“Пры ўмове, калі палітрада будзе разглядаць пытаньні падрыхтоўкі кангрэсу і калі палітрада будзе разглядаць нейкія надзвычайныя сытуацыі ці надзвычайныя падзеі. Усе астатнія пытаньні ня могуць разглядацца на палітрадзе, і мы ня будзем браць у ёй удзелу”, — кажа Калякін.

Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што падобныя заявы Сяргея Калякіна — эмоцыі. Ён лічыць, што перад вызначэньнем даты кангрэсу трэба спачатку дамовіцца пра прынцыповыя рэчы: хто ўдзельнік кангрэсу, якія ягоныя мэта і зьмест.

“Трэба цьвяроза падыходзіць да магчымага кангрэсу. Калі кангрэс не самамэта, а мэтай і ёсьць аб’яднаньне, то спачатку гэтае аб’яднаньне павінна быць дасягнута тут. Для гэтага ёсьць пагадняльная камісія. Яна адпрацуе сваё. Я ўпэўнены, што яна ў стане даць такі варыянт правядзеньня кангрэсу, які задаволіць абсалютную большасьць. Лепш за ўсё, калі будзе кансэнсус. А лічыць, што самае галоўнае — дамовіцца пра дату і абы правесьці кангрэс, гэта не мая пазыцыя”, — заявіў спадар Мілінкевіч.

Спадар Вячорка пацьвердзіў, што дата кангрэсу вызначыцца пасьля дасягненьня згоды, інакш кангрэс немагчымы. Дзеля згоды Вячорка гатовы падтрымаць любую дату:

“Шляхам шматлікіх галасаваньняў, я так разумею, мы ўзялі за аснову прапанаваны мной дакумэнт, на гэты раз ужо безумоўна. І разьлічваю, што заўтра, калі ніхто не перашкодзіць у выглядзе спэцназу, мы правядзем паўнавартасную пагадняльную камісію і, спадзяюся, што згода рэальная”.









У час правядзеньня палітрады міліцыянты ў цывільным правяралі асабістыя рэчы людзей, якія выходзілі зь сядзібы БНФ.
XS
SM
MD
LG