Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як цяпер ацэньваюць Канстытуцыю 1994 году яе стваральнікі?


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Беларусі дзяржаўнае сьвята — Дзень Канстытуцыі. Трынаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет прыняў Асноўны закон, і Беларусь з парлямэнцкай ператварылася ў прэзыдэнцкую рэспубліку. А праз чатыры месяцы быў абраны першы беларускі прэзыдэнт — Аляксандар Лукашэнка. У выніку рэфэрэндуму 1996 году Канстытуцыя перагледзелі — уладныя паўнамоцтвы пераразьмеркаваныя на карысьць прэзыдэнта. Як цяпер ацэньваюць Канстытуцыю яе стваральнікі й які іхны лёс?

Праца над Канстытуцыяй незалежнай Беларусі цягнулася больш за тры гады. У ёй брала ўдзел вялікая група юрыстаў, а таксама каля пяцідзесяці дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Сярод іх, як згадвае адзін з распрацоўнікаў Канстытуцыі юрыст Міхаіл Пастухоў, быў і Аляксандар Лукашэнка.

“Гэта быў усенародны рух дзеля прыняцьця новай Канстытуцыі дэмакратычнай Беларусі. Спачатку былі дзьве групы — Шаладонава і Ганчара (я працаваў у групе Ганчара). Потым зь іх зрабілі адну групу, і яна дапрацоўвала. Кіраўніком гэтай групы быў Васіль Шаладонаў, а ягоным намесьнікам — Рыгор Васілевіч. І я ведаю, што Васілевіч вельмі ганарыўся тым, што атрымаў званьне заслужанага юрыста Беларусі менавіта за распрацоўку Канстытуцыі Беларусі”.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч учора на прэсавай канфэрэнцыі гэтак ацаніў Асноўны закон краіны пасьля ўнесеных на рэфэрэндумах 1996 і 2004 гадоў зьменаў, якія пашырылі паўнамоцтвы прэзыдэнта й далі яму права балятавацца на гэтую пасаду неабмежаваную колькасьць разоў:

“Гэта народная Канстытуцыя. Яна накіраваная на фармаваньне прававой, дэмакратычнай і сацыяльнай дзяржавы. Тыя карэктывы, якія былі ў 1996 і 2004 гадах, гэта карэктывы тэксту, але яны ўвогуле не паўплывалі істотна на канцэпцыю Канстытуцыі. Удакладненьні былі — разьмеркаваньне ўладных паўнамоцтваў паміж Вярхоўным Саветам і прэзыдэнтам адбыліся”.

Адзін з распрацоўнікаў Канстытуцыі — Валеры Фадзееў, які ў 1994 годзе ўзначальваў юрыдычнае ўпраўленьне Савету Міністраў:



“Тады ў 1994 годзе мы стварылі нармальны дакумэнт — асабліва што тычыцца праблемы балянсу ўладаў. На мой погляд, усё было вельмі добра ўраўнаважана. Што тычыцца рэфэрэндуму 1996 году, то, канечне, балянс уладаў быў вельмі парушаны”.

Працягвае Міхаіл Пастухоў:

“Уся ідэя гэтых паправак у Канстытуцыю 1994 году зьвялася да таго, каб падзяліць уладу. Фактычна большая частка паўнамоцтваў перайшла да кіраўніка краіны за кошт паўнамоцтваў парлямэнту і ўраду. У лістападзе 1996 году быў пастаўлены крыж на дэмакратычнай Канстытуцыі 1994 году”.

За распрацоўку Канстытуцыі званьне “заслужаны юрыст Беларусі” атрымалі вышэйзгаданыя Рыгор Васілевіч і Валеры Фадзееў, а таксама Васіль Шаладонаў, тады генэральны пракурор Беларусі, і тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, чый подпіс стаіць пад Канстытуцыяй 1994 году.

Васіль Шаладонаў нядаўна памёр. Валеры Фадзееў у 1996 годзе на знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму пакінуў пасаду судзьдзі Канстытуцыйнага суду, цяпер працуе ў Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Мечыслаў Грыб — на генэральскай пэнсіі. Ранейшыя прывілеі й ільготы за званьне заслужанага былі скасаваныя, кажа Мечыслаў Грыб:



“Калі я адзін час быў на пэнсіі як дзяржаўны службовец, я зьвярнуўся, каб мне ўлічылі, што я заслужаны юрыст. Але мэр Менску Паўлаў мне адказаў, што ён ня мае ніякага дачыненьня да маёй працы, і гэта ніяк не зьвязана зь Менскам, і ён ня можа хадайнічаць, каб мне павялічылі пэнсію ў сувязі з тым, што я заслужаны юрыст”.

Што да подпісу спадара Грыба пад тэкстам Канстытуцыі 1994 году:

“Цяпер лічыцца Канстытуцыя 1994 году са зьменамі, унесенымі ў 1996 годзе. А подпіс пад ёй стаіць Лукашэнкі. Але ж гэта Канстытуцыя 1994 году, і там павінен стаяць мой подпіс, а не ягоны”, — мяркуе Мечыслаў Грыб.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG