Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта затрымалі апазыцыянэраў напярэдадні 25 сакавіка?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сакратар управы Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч і старшыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Валер Карбалевіч: “25 сакавіка, здаецца, становіцца днём перакрыжаваньня розных палітычных палёў, інтарэсаў, суб’ектаў. Да яго рыхтуецца апазыцыя, рыхтуюцца ўлады, рыхтуецца Захад. Апазыцыя ўскладае значныя надзеі на гэты дзень. Улады, наадварот, маюць пэўную трывогу. Якія прычыны такога стаўленьня да 25 сакавіка?”

Уладзімер Лабковіч: “25 сакавіка — знакавая дата для беларускага дэмакратычнага грамадзтва. Ужо дваццаць гадоў яна зьяўляецца сымбалічнай. З 1996 году гэтая дата зьяўляецца сымбалічнай і для ўладаў. Кожны год (калі я не памыляюся, акрамя 1998 году) у гэты дзень адбываюцца шматлікія затрыманьні ды іншыя рэпрэсіі.

Асаблівае значэньне акцыя 25 сакавіка мае сёлета. Гэта першая акцыя апазыцыі, якая павінна паказаць, у якім стане знаходзяцца беларускія дэмакратычныя сілы.

Адначасова гэта і праверка гатоўнасьці існага рэжыму да зьменаў, лякмусавая паперка гатоўнасьці да новых дачыненьняў з Эўропай. І вось апошнія падзеі паказваюць, што рэжым не зьбіраецца мяняцца”.

Алесь Бяляцкі: “Мусіць, з 1918 году, з моманту абвяшчэньня БНР стаўленьне да гэтай даты спачатку камуністычных уладаў, а цяпер і посткамуністычнага рэжыму не зьмянілася. Яны ўспрымаюць гэтую падзею як нешта ідэалягічна варожае. Таму такія жорсткія рэпрэсіі да палітычных апанэнтаў у кожную гадавіну гэтага сьвята”.

Карбалевіч: “Затрыманьне ў аўторак лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі й вядомага палітыка Вячаслава Сіўчыка, падрыхтоўка суду над імі адбываецца без усялякіх сур’ёзных юрыдычных падставаў. Што за гэтым стаіць? Якія сапраўдныя прычыны? А таксама ў чым прычыны актывізацыі расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні актывістаў “Маладога фронту”?”

Лабковіч: “Спадар Вячорка зьяўляецца старшынём аргкамітэту ў падрыхтоўцы акцыі 25 сакавіка. Таму ягонае затрыманьне ёсьць паказьнікам таго, што ўлады імкнуцца перашкодзіць правядзеньню акцыі. Я прагназую, што ніякага афіцыйнага дазволу на яе правядзеньне ня будзе. Здаецца, будзе ўжыты звычайны сцэнар.

Тактыка масавых прэвэнтыўных затрыманьняў напярэдадні важных палітычных падзеяў упершыню была апрабаваная перад прэзыдэнцкімі выбарамі летась. Тады да 19 сакавіка былі затрыманыя каля 200 актывістаў кампаніі Мілінкевіча.

Гэткую тактыку ўжываюць і цяпер. Апазыцыю хочуць пазбавіць кіраўніцтва. Таму рэпрэсуюць людзей, якія маюць аўтарытэт у межах, так бы мовіць, вулічнай дэмакратыі. Што тычыцца моладзі, то “Малады фронт” таксама заўсёды актыўна ўдзельнічае ў такіх акцыях. Таму ладзяцца рэпрэсіі і супраць іх. Думаю, махавік затрыманьняў будзе раскручвацца — без усялякіх юрыдычных падставаў.

Хачу адзначыць, што гэта абсалютна дэманстратыўныя крокі. Гэтым тыднем у Менск прыехала кіраўніца рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ута Цапф, да 25 сакавіка прыедуць іншыя замежныя палітыкі. Вялікая ўвага да гэтай акцыі з боку міжнароднай супольнасьці. І цяперашнія дзеяньні беларускіх уладаў — дэманстрацыя таго, што рэжым не зьбіраецца ісьці на саступкі Эўропе. Адзінае, што цікавіць афіцыйны Менск, дармавыя крэдыты”.

Бяляцкі: “Улады баяцца 25 сакавіка. І яны будуць ужываць тактыку, якую можна назваць прэвэнтыўным інтэрнаваньнем. Гэта тэрмін, які ўжываецца пры рэпрэсіях падчас вайны.

Сапраўды, улада хоча паўтарыць тактыку, якую ўжывала год таму. Але, падаецца, страх уладаў перабольшаны. Акцыя 25 сакавіка пакуль ня бачыцца як супэрмасавая. Хутчэй, будзе стандартная акцыя апазыцыі апошніх гадоў на некалькі тысяч асобаў. Гэтыя затрыманьні выяўляюць поўны прававы нігілізм беларускіх уладаў. Таму што юрыдычных падставаў для гэтага няма.

Улады імкнуцца нэўтралізаваць напярэдадні 25 сакавіка моладзь. Бо “Малады фронт” актыўна праявіў сябе 14 лютага на Дзень сьвятога Валянціна. Таксама ягоныя актывісты абвясьцілі, што будуць публічна адзначаць гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Плюс 25 сакавіка.

Таму ў дачыненьні да актывістаў “Маладога фронту” пачала разгортвацца крымінальная справа. Сёньня ўжо чатыры асобы зьяўляюцца падазраванымі. Думаю, што гэты сьпіс ня складзены да канца. Ідуць допыты дзясяткаў сяброў гэтай арганізацыі. Атрымоўваецца, што адной рукой улады махаюць Эўропе, а другой душаць беларускую дэмакратыю”.

Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы згадалі, што тактыка масавых прэвэнтыўных затрыманьняў напярэдадні важных палітычных падзеяў упершыню была апрабаваная перад прэзыдэнцкімі выбарамі летась. Потым была паўтораная падчас мясцовых выбараў у студзені сёлета. Ці эфэктыўна гэта? Чаго можна чакаць з набліжэньнем 25 сакавіка?”

Лабковіч: “Досьвед мінулага году паказаў, што гэтая тактыка неэфэктыўная. На момант 25 сакавіка 2006 году каля тысячы лідэраў і актывістаў апазыцыі былі арыштаваныя. Тым ня менш, акцыя ў той дзень у Менску адбылася масавая, стала добрым завяршэньнем вулічнага змаганьня. Таму такія затрыманьні — прыкмета гістэрыі, якая не ўплывае на акцыю.

Думаю, што махавік затрыманьняў будзе раскручвацца, у тым ліку ў рэгіёнах. Колькасьць затрыманых будзе меншай, чым год таму, бо іншы палітычны накал. Але чалавек пяцьдзясят будзе затрымана, каб запалохаць грамадзтва”.

Бяляцкі: “Затрыманьне лідэраў і актывістаў унясе пэўныя карэктывы ў плянаваныя падзеі 25 сакавіка. Але ня трэба моцна баяцца й працягваць працу. А палітычным і грамадзкім актывістам гэтымі днямі да 25 сакавіка трэба берагчыся. Таму што іх будуць лавіць”.

Карбалевіч: “Такім чынам, узмацненьне рэпрэсіяў, прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні 25 сакавіка сьведчаць пра тое, што ўлады моцна занепакоеныя плянаванай акцыяй, і палітычнае напружаньне ў краіне будзе нарастаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG