Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыліца ці лацінка?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае мовазнаўца Зьміцер Саўка.

Слухаць:



Яшчэ сто гадоў таму, на пачатку ХХ стагодзьдзя, у газэце “Наша Ніва” разгарэлася палеміка: якім шрыфтам – лацінскім ці кірылічным – маюць карыстацца беларусы? Палеміка пачалася з наступнага звароту рэдакцыі да чытачоў:

“Прыступаючы да выданьня “Нашае Нівы” пяць гадоў таму назад, Рэдакцыя павінна была перамагчы шмат перашкод, разабраць багата дужа трудных пытаньняў, з каторымі ёй зразу прыйшлося сустрэцца. Перш за ўсё паднялося пытаньне: якімі літарамі друкаваць беларускую газэту? Адны даводзілі, быццам трэба беларусам адразу завадзіць лацінскія (польскія) літары, бо яны ўжо заведзены на ўсім культурным сьвеце; другія ізноў казалі, што з найдаўнейшых часоў беларускія кнігі, дакумэнты, пісьмы і т. п. пісаліся рускімі літарамі, бо гэтак вучаць у школах, а як яшчэ завядуць агульную, усенародную навуку, дык тады ня будзе чалавека, каторы ня знаў бы рускай граматы.

Рэдакцыя ўсё ж такі не магла задзяржацца ні на тым, што раілі староньнікі лацінскага шрыфту, ні на радах староньнікаў “гражданкі”. Выпускаючы ў сьвет першую беларускую газэту, мы разумелі, што яна дойдзе да ўсіх беларусаў толькі тады, калі будзе друкавацца абодвымі шрыфтамі. Гэтага вымагала само жыцьцё: у нашай старонцы ёсьць багата каталікоў, каторыя ня ходзяць у казённую школу і вучацца дома толькі лацінскай (ці польскай) граматы, дык рускімі літарамі чытаць ня ўмеюць; ізноў жа праваслаўныя беларусы, хаця б і хацелі, зусім не маглі б навучыцца лацінскай ці польскай граматы”.

“Наша Ніва, 1911 год, № 50

Вячаслаў Ракіцкі: “І вось, калі пачалася ў “Нашай Ніве” палеміка, некаторыя чытачы пабачылі ў гэтым акт палянізацыі. Напрыклад, адзін з чытачоў “Нашай Нівы” зазначыў: мы ж бела-русы, а ня бела-палякі, таму і шрыфт у нас мусіць быць рускі, кірылічны. А вы як, ўсур’ёз ці з жартам, ставіцеся да такога аргумэнту чытача “Нашай Нівы” стогадовай даўніны?”

Зьміцер Саўка: “Тады трэба прызнаць, што азэрбайджанцы ператварыліся ў азэрбайджана-палякаў – і ўжо даволі даўно, бо адразу ж пасьля распаду СССР азэрбайджанскую мову перавялі на лацінскі шрыфт. І калі карыстацца такой лёгікай, дык і ўзбэкаў можна назваць ўзбэка-палякамі, бо і яны перайшлі на лацініцу. Абвесьцілі, што будуць пераходзіць і казахі. Паспрабавалі заікнуцца пра гэта татары ў Расеі, аднак, з Масквы на іх цыкнулі: маўляў, няма чаго наперад старэйшага брата ў Эўропу лезьці. Усё настойлівей гучаць прапановы перавесьці на лацінскі шрыфт японскую й нават кітайскую мову. Пераход на лацініцу – аб’ектыўны працэс: шмат якія мовы адмовілі ад традыцыйных, але ня зручных графічных сыстэмаў на карысьць лацініцы”.

Ракіцкі: “Азэрбайджанцы, узбэкі, казахі, японцы, кітайцы – гэта не славянскія нацыі. А шмат якія аўтарытэтныя навукоўцы лічаць, што кірыліца як найлепей пасуе славянскім мовам, бо, акрамя беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў, кірыліцаю карыстаюцца баўгары, сэрбы, македонцы. Нават румыны, якім кірыліцы ніхто не накідаў, па ўласнай волі ўжывалі яе даволі доўгі пэрыяд -- аж да сярэдзіны 19 стагодзьдзя. Ці ёсьць у гэтым лёгіка? Ці мона ўвогуле казаць пра нейкую агульнаславянскую традыцыю?”

Саўка: “Кірыліца – гэта мадыфікацыя грэцкага пісьма, якое прыстасавалі пад стараславянскую мову, якую дакладней было б называць, старажытнамакедонскаю. За стагодзьдзі кірыліца моцна эвалюцыянавала, але эвалюцыя ў кожнага народу, які ёю карыстаўся, адбывалася па-рознаму. У Расеі на пачатку 18-га стагодзьдзя Пётар І зацьвердзіў гэтак званую “гражданку”, якую пазьней – ужо з розных прычынаў – прынялі замест старой кірыліцы і іншыя “кірыліцаграфічныя”, калі так можна сказаць, мовы. А калі б сёньня па-беларуску пісалі такім жа шрыфтам, што й па-старабеларуску, то гэта адрозьнівалася б ад сучаснай «гражданкі» больш за лацініцу. Што да “агульнаславянскай традыцыі”, дык яе няма й быць ня можа, бо шэраг славянскіх народаў ад самага пачатку карысталіся выключна лацінскім шрыфтам”.

Ракіцкі: “А ў чым жа нязручнасьць кірыліцы?”

Саўка: “Найперш выклікае цяжкасьці галоўнае сыстэмнае адрозьненьне кірыліцы ад лацініцы –прынцып перадаваньня мяккасьці зычных перад галоснымі. Ведама ж, даволі няпроста расказваць аб правапісе па радыё, аднак, паспрабую. Напрыклад, у слове лялька два аднолькавыя гукі – мяккія [л’], але абазначаецца мяккасьць гэтых гукаў па-рознаму. Таму дзеці ў малодшых клясах часам пішуць льалька – бо так гучыць! Улічваючы, што зьява, якую я назваў, мае сыстэмны характар, з гэтай цяжкасьці ўсё і пачынаецца. Для пазначэньня мяккасьці зычных перад галоснымі ў кірыліцы ёсьць гэтак званыя ётаваныя галосныя: е, ё, ю, я. Зь імі таксама ня ўсё так проста, бо на пачатку слова, пасьля галосных і пасьля ў нескладовага яны абазначаюць не адзін, а два гукі: ёт і галосны. Возьмем у якасьці прыкладу дзявочае імя Яня. Тут дзьве літары я, але чытаюцца яны па-рознаму. Першае я чытаецца [й] + [а], а другое я абазначае адзін гук [а], затое адначасова паказвае, што зычны перад – мяккі: ня Я[н]а, а Я[н’]я. Асобная праблема – шматзначнасьць літары і. Такім чынам, кірыліца выклікае даволі сур’ёзныя цяжкасьці пры навучаньні пісьму, пры вывучэньні, напрыклад, марфэмнай будовы слова, калі праходзяць словаўтварэньне”.

Ракіцкі: “Але ж пагадзіцеся, спадар Саўка, што, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, мы даволі лёгка навучыліся беларускай мове. Хіба праз лацінку навучыцца роднай мове было б лягчэй?”

Саўка: “Так, лягчэй, прынамсі, пісаць па-беларуску. Кірыліца менш празрыстая, менш наглядная за лацінку, менш лягічная. Вось параўнайце табліцу скланеньня ці спражэньня словаў у граматыцы Тарашкевіча лацінскім шрыфтам і кірылічным шрыфтам. Лацінскім шрыфтам – усё аднастайна, ладна й складана, а кірылічным – значна складаней...

Ракіцкі: “Граматыка Тарашкевіча з гледзішча гістарычнага – гэта ўжо, можна сказаць, сучасны пэрыяд разьвіцьця беларускай мовы. А за кірыліцай – стагодзьдзі ўжываньня. Літоўскія статуты, Літоўская мэтрыка – яны напісаныя кірыліцай”.

Саўка: “Я далёкі ад таго, каб аспрэчваць гістарычную першаснасьць кірыліцы для нашай мовы. Несумненна, першыя тэксты на беларускай мове пісаліся кірыліцаю, і колькасьць старабеларускіх кірылічных тэкстаў вялікая. Аднак, адмаўляць гістарычную абгрунтаванасьць лацініцы для нашай мовы таксама ніяк не выпадае”.

Ракіцкі: “І якія гістарычныя падставы на карысьць лацінкі вы можаце назваць?”

Саўка: “Першыя лацінкавыя надпісы зьявіліся ў 16-м стагодзьдзі. А ўжо ў 17-м стагодзьдзі лацінка даволі актыўна ўжывалася і ў афіцыйнай сфэры, у справаводзтве. Таксама летапіснай літаратуры напісаная лацінкай. Вось прыклады: акты Пінскага павету, вядомы нават школьнікам “Ліст да Абуховіча”, пэрліна беларускага летапісаньня -- “Хроніка Быхаўца”. Таксама кароль Жыгімонт ІІІ Ваза выдаў Віцебску прывілей на магдэбурскае права па-беларуску таксама лацінкаю!”

Ракіцкі: “Як вядома, інтэлігенцыя схільная да ідэальных пабудоваў і таму часам прапаноўвае грамадзтву прыгожыя, але нежыцьцёвыя мадэлі. Лацінскі шрыфт для беларускай мовы, ці гэта не інтэлігенцкі праект?”

Саўка: “У 19-м стагодзьдзі Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, зрэшты, і Каліноўскі гаварылі не ад імя інтэлігенцыі, а якраз наадварот – ад імя сялянаў: Францішак Багушэвіч як Мацей Бурачок ці як Сымон Рэўка з-пад Барысава, Кастусь Каліноўскі як Яська гаспадар з-пад Вільні. І зьвярталіся яны якраз да сялянства. І рабілі гэта знаёмым гэтаму сялянству лацінскім шрыфтам. Усе кнігі Марцінкевіча і Багушэвіча, “Мужыцкая праўда” Каліноўскага выходзілі лацінкаю. А ўжо на пачатку ХХ стагодзьдзя лацінкаю пачалі друкаваць зь дзясятак пэрыядычных выданьняў. Таксама кнігі і Коласа, і Купалы друкаваліся лацінкаю. І на сёньняшні дзень існуе даволі значны корпус тэкстаў на лацінцы. Таму цьверджаньне, што лацінка – гэта гульня не занятага сапраўднаю справаю інтэлігенцкага розуму, думаю, вельмі далёкае ад праўды”.

Ракіцкі: “У які пэрыяд 20-га стагодзьдзя лацінка была ў Беларусі найбольш пашыраная?”

Саўка: “У міжваенны час, у 20 – 30-я гады, у Заходняй Беларусі лацінка выкарыстоўвалася нароўні з кірыліцай. І была даволі ўплывовая палітычная сіла – Беларуская хадэцыя, якая амаль усе свае выданьні друкавала лацінкаю. У часе вайны школьная адукацыя таксама талеравала хутчэй лацінку, чым кірыліцу. У пасьляваенны час на эміграцыі дзясяткі кніг, шмат якія выданьні таксама былі надрукаваныя лацінкаю”.

Ракіцкі: “Выбар шрыфта, моўнай традыцыі – гэта ў пэўнай ступені і цывілізацыйны выбар. Вось кірыліца збліжае нас са славянскім сьветам, а лацінка зблізіла б заходнім?”

Саўка: “Несумненна. І зьяўленьне беларускіх лацінічных тэкстаў яшчэ ў сярэднявеччы сьведчыла пра пераарыентацыю нашай культуры зь бізантыйскіх узораў, на заходнеэўрапейскія”.

Ракіцкі: “Ці мог бы інакш скласьціся лёс Беларусі ў палітычным, культурным, магчыма, эканамічным аспэктах, калі б у 19–20-м стагодзьдзі беларусы, як і заклікалі некаторыя інтэлектуалы, перайшлі на лацінку?”

Саўка: “У эканамічным аспэкце, вядома ж, толькі апасродкава -- праз палітычны і культурны. Што да палітычнай і культурнай сытуацыі, то яна, несумненна, адрозьнівалася б ад цяперашняй. Думаю, для любога чалавека істотна пачувацца эўрапейцам ці эўразійцам”.

Ракіцкі: “Аднак, сёньня для бальшыні нават сьвядомых беларусаў лацінка – гэта штосьці ірэальнае, не зьвязанае з рэчаіснасьцю, са штодзённаю практыкай”.

Саўка: “У вялікай ступені гэта так. Але ж лацініца, лацінская графіка, не пытаючы нас, уваходзіць у нашае жыцьцё, робіцца яго фактам. Ведама ж, найперш праз ангельскую мову, але ня толькі. Лацініца – для нас гэта спосаб вонкавых зносінаў з астатнім сьветам. Нехта лічыць непатрэбным ці няправільным сам факт выкарыстаньня лацініцы для беларускай мовы, але гэтаму “нехта” прыйдзецца мусіць прызнаць наступнае. Беларускія геаграфічныя назвы, імёны беларускіх палітыкаў і творцаў, назвы, напрыклад, беларускіх гуртоў – усе гэтыя факты нашага жыцьця мусяць перадавацца ў іншых мовах сродкамі беларускай лацініцы. Інакш выйдзе, што, скажам, прозьвішча мастака Шаранговіча ў амэрыканскай газэце падаецца праз Sh, у нямецкай – ужо праз Sch, у францускай – праз Ch, у польскай – праз Sz. Бо ў кожнай мове гук [ш] перадаецца рознымі сродкамі. І незразумела, ці пра таго самага чалавека ідзе гутарка ўва ўсіх гэтых выданьнях”.

Ракіцкі: “Сапраўды, ёсьць такая праблема, аднак, зь ёю сутыкаюцца і расейцы, і украінцы. І Пушкіна, і Шаўчэнку на розных мовах пішуць па-рознаму”.

Саўка: “А вось у сэрбаў, якія таксама карыстаюцца кірыліцаю, гэтай праблемы няма, бо сэрбская мова мае сваю лацініцу, і ва ўсіх газэтах прынамсі Эўропы й Амэрыкі той жа прозьвішча Мілошавіча пішацца, дакладней пісалася, аднолькава, незалежна ад мовы выданьня, – паводле правілаў сэрбскай лацініцы. Яшчэ ў 2000-м годзе Дзяржаўны камітэт зямельных рэсурсаў, геадэзіі й картаграфіі Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову, паводле якой беларуская лацініца прызнаецца адзіным графічным стандартам для перадаваньня беларускіх назваў на геаграфічных мапах, выдадзеных лацінскім шрыфтам. Летась Камітэт стандартызацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў таксама прыняў адпаведнае рашэньне, пра што паведамляла й “Свабода”. Ужо выходзяць кнігі, у тым ліку, афіцыйныя даведнікі, у якіх выкарыстоўваецца лацінка. Як бачым, справа ўвядзеньня лацінкі гэта не прыхамаць асобных ненавісьнікаў кірыліцы, а аб’ектыўны працэс”.

Ракіцкі: “Вы верыце ў тое, што беларусы ўсё ж пяройдуць калі-небудзь на лацінку?”

Саўка: “Мяркую, гэта -- магістральны шлях разьвіцьця нашай пісьмовасьці ўжо ў недалёкай будучыні. Некаторыя, праўда, выказваць такую засьцярогу: пераход на лацініцу паспрыяе глябалізацыі й культурнай уніфікацыі. З аднаго боку, гэта сапраўды так. Аднак, яшчэ больш паспрыяе глябалізацыі й культурнай уніфікацыі зьнікненьне беларускай мовы ў выніку русыфікацыі. А якраз русыфікатарам лацінка – костка ў горле. Нездарма, пасьля паўстаньня 1863—64 гадоў расейскія ўлады забаранілі летувісам і латгалам друкаваць кніжкі лацініцаю”.

Ракіцкі: “Дык які лёс чакае кірыліцу?”

Саўка: “Ня выключана, што кірылічныя надпісы й кнігі застануцца нашымі рунамі, якімі мы будзем ганарыцца й выстаўляць у музэях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG