Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Баляслаў Калышка 7.8.1837, фальварак Карманішкі (цяпер Эйшыскі раён, Літва) — 9.6.1863, Вільня.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Вам не даводзілася ставіць сябе на месца нашых суайчыньнікаў, што жылі паўтара стагодзьдзя таму? Задумвацца аб тым, дзе вы былі б у 1863-м?

Кім вы лічыце іх, паўстанцаў? Героямі? Безразважнымі авантурнікамі? Вар’ятамі? Яны адказвалі на гэтыя пытаньні сваімі лёсамі.

Уявіце сябе ў натоўпе, што аднае чэрвеньскае раніцы запоўніў тады віленскі Лукіскі пляц перад збудаваным эшафотам.

Аўдытар пачаў чытаць прысуд, і асуджанаму — маладому й пагляднаму шыракаплечаму інсургенту — загадалі зьняць шапку. “Абыдзецца! — крыкнуў ён афіцэрам.— Ня бачу тут нікога больш годнага за сябе!”

Калі кат нацягваў пятлю, вяроўка парвалася, што здавён лічылася знакам невінаватасьці, але, вядома ж, прагучала каманда паўтарыць экзэкуцыю.

Сярод людзей на пляцы былі сябры і знаёмыя павешанага. Магчыма, яны рызыкнулі сабрацца на кансьпірацыйнай кватэры, каб ушанаваць ягоную памяць. У такіх выпадках зазвычаена ўспамінаць найбольш адметныя падзеі жыцьця таго, хто пакінуў гэты сьвет.

Паплечнікі Браніслава Калышкі павінны былі ўзгадаць, як ён, студэнт юрыдычнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту, браў удзел у сутычках з паліцыяй падчас хваляваньняў у лютым 1861 году, калі студэнцтва пратэставала супроць расстрэлу ў Варшаве няўзброенай патрыятычнай дэманстрацыі. Хтосьці ўспомніў, як пасьля гэтага ён на паўгоду прыехаў дадому, у Лідзкі павет, дзе вёў рэвалюцыйную агітацыю ня толькі сярод сялян і мяшчанства, але й сьмела заходзіў у павятовай сталіцы ў цукроўню ды раздаваў там расейскім афіцэрам праклямацыі і памфлеты Аляксандра Герцэна. “Прашу вас, панове, ня зьмешваць палітычных паняцьцяў,— казаў ён разгубленым ад рашучасьці візытанта прысутным.— Расейскі народ адно, а расейскі ўрад — іншае. Апошні— наш агульны непрымірымы вораг”.

Сябры памяталі, што ратуючыся ад арышту, Калышка выехаў у Італію, дзе наведваў створаную эмігрантамі вайсковую школу: вывучаў ваенную картаграфію, стратэгію, тактыку пяхоты і кавалерыі... Ведаў: хутка ўсё гэта прыдасца.

У лютым 1863-га ён апошні раз зьявіўся ў Лідзе і ваколіцах, каб разьвітацца з сваякамі. Тыя пачулі, што Баляслаў атрымаў ад паўстанцкага кіраўніцтва прызначэньне ў Жамойць.

Хутка ягоны аддзел, які атрымаў найменьне Дубіскі полк, налічваў ужо некалькі сотняў стрэльбаў і косаў. Паміж баямі і сутычкамі з карнікамі інсургенты Калышкі разганялі ў жамойцкіх мястэчках царскую варту, палілі паперы станавых прыставаў і валасных праўленьняў. Калі ён прывёў свой аддзел да Зыгмунта Серакоўскага, што меў званьне “літоўскага ваяводы”, той уражана ўсклікнуў: “Каб ня бачыў вас перад сабою, ня даў бы веры, што вы жывыя, бо з столькіх небясьпекаў хіба па небе можна было вырвацца”.

У змаганьні з рэгулярнай арміяй велізарнай імпэрыі паўстанцы маглі дасягнуць адно часовых посьпехаў. У красавіцкіх баях пад Біржамі жамойцкія інсургенты, на чале якіх, як і ў выпадку з Калышкам, часта стаялі нашы суайчыньнікі, прадэманстравалі сапраўдны гераізм. Аднак сілы былі няроўныя. Асабліва цяжкай для змагароў стратаю быў захоп у палон улюбёных камандзіраў — Калышкі і Серакоўскага...

Баляслаў, як і Каліноўскі, назаўсёды застаўся 26-гадовым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG