Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І — не паверыце, праваслаўныя! — у той жа момант тэлевізар заглох”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 15 сакавіка ў розныя гады мінулага.

“Красноармейская правда” ў 1927 годзе піша на тэму нацыянальнага пытаньня: “Царскае войска было, што катарга, і ісьці ў яго было што пакараньне. Габрэі і палякі лічыліся царом — крамольнікамі, і цар браў палякаў і габрэяў больш, чым трэба было, і канапаціў іх на ўскраіны — на Далёкі Ўсход, у Сярэднюю Азію. У нас служба ў Чырвонай арміі — пачэснае права ўсіх працоўных, і працоўныя ўсіх нацыянальнасьцяў карыстаюцца ім на аднолькавых падставах. Таму і габрэяў мала ў Чырвонай арміі”.

“Голас Радзімы” на гэтым тыдні 1977 году сьцьвярджае: “Пры сацыялізме сям’я нараджаецца на зусім новай аснове. Дзяўчыне не патрэбны ніякі іншы пасаг, апрача таго, які яна атрымлівае ад дзяржавы: раўнапраўе, магчымасць набыць спецыяльнасць па густу і схільнасцях, законы, якія будуць ахоўваць яе дзяцей і яе саму ўсё жыццё. Дзякуючы эканамічнай незалежнасці жонкі, у сям’і зусім інакш, чым раней, складваюцца ўзаемаадносіны. Маладых людзей, якія ўступаюць у шлюб, яднае каханне, агульнасць поглядаў, жаданне дапамагаць адзін аднаму ва ўсіх справах”.

“Мы и время” ў 1997 годзе друкуе ліст Еўдакіі Пічугінай з Разані: “Глядзелі мы неяк зь дзедам тэлевізар. Надта ўжо маскоўская дыктарка выраблялася, зьдзеквалася над А.Лукашэнкам — і такі ён нядобры, і сякі… Маўляў, улады шмат сабе патрабуе, ды за акіянам яго надта ня любяць… А мой дзед Цімафей Фёдаравіч вазьмі ды і скажы ёй: “Што ж ты, сатана, цяпер на братняга прэзыдэнта гаўкаеш? Забыла, як у кастрычніку 93-га забойцаў-катаў крамлёўскіх абараняла?” І плюнуў у экран. І — не паверыце, праваслаўныя! — у той жа момант тэлевізар заглох”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG