Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Вячорка: "Нейкіх штурмаў, якіх паталягічна баяцца ўлады, 25 сакавіка ня будзе”


Алесь Уліцёнак, Менск, Валер Каліноўскі, Прага Учора ўвечары менская міліцыя адпусьціла з турмы прадстаўнікоў апазыцыі Вячаслава Сіўчыка і Вінцука Вячорку, якія былі арыштаваныя напярэдадні. Міліцыянты доўгі час адмаўляліся даваць сваякам якую-небудзь інфармацыю пра месца знаходжаньня апазыцыянэраў, а пазьней патлумачылі, што паколькі яны забыліся ў пратаколах указаць папярэднія арышты затрыманых, суд над імі адбудзецца 23 сакавіка.

Вячаславу Сіўчыку пры затрыманьні паведамілі, што ён падобны на злачынцу, і трэба ехаць у міліцыю на апазнаньне. Пазьней яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта спраўляў натуральную патрэбу ў двары аднаго з дамоў на праспэкце Незалежнасьці.

Вінцука Вячорку затрымалі ля дзьвярэй кватэры, калі ён ішоў дахаты са сваімі дзецьмі. Вячорку абвінавацілі ў тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў прысутнасьці дзяцей.

Маці Вінцука Аляўціна Вячорка абураная паводзінамі міліцыі:

“Я не ведаю, што такое мог нарабіць мой сын, каб яго трэба было як злодзея ізаляваць ад людзей. Усе гэтыя дні ён быў заняты клопатамі разьвітаньня з бацькам, як мог падтрымліваў мяне, усіх астатніх сямейнікаў. Напярэдадні арышту было 9 дзён як не стала Рыгора Мікалаевіча. І я павінна быць удзячная нашым уладам за тое, што нам дазволілі ў гэты дзень быць усім разам... Арыштоўвалі Вінцука на вачах дзяцей, асабліва мяне непакоіць тое, што за сцэнай арышту назірала яго дзевяцігадовая дачка. Дай Божа, каб уражаньні ад гэтага моцна не паўплывалі на яе нэрвовую сыстэму”.

Сам лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка пасьля вызваленьня заявіў Свабодзе:

“І тое, што арыштавалі, і тое, што нечакана выпусьцілі, я зьвязваю зь цьмянасьцю ў галовах цяперашніх уладных людзей, у іх няма яснай канцэпцыі, што рабіць, і, магчыма, грызуцца паміж сабой розныя групоўкі. Адны лічаць, што трэба душыць і лупіць, як і заўсёды. Другія мяркуюць, што трэба хаця б жэсты нейкія рабіць у кірунку Эўропы, таму што будзе зусім кепска".

Паводле спадара Вячоркі, яго зь Сіўчыкам маглі выпусьціць у сувязі з прыездам у Менск прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

"У кожным разе мяне павесілі на кручок суду 23 сакавіка".

Тое, што міліцыянты не паведамлялі сваякам, дзе затрыманыя, на думку Вячоркі, рабілася сьвядома, каб больш запалохаць іх і не дапусьціць збору людзей ля суду ці РУУС.

"Ёсьць паталягічны страх уладаў перад нейкімі штурмамі, якіх ня будзе 25 сакавіка, я пра гэта як старшыня аргкамітэту заяўляў не адзін раз. Нашая задача зусім іншая... Але такія арышты бясспрэчна перашкаджаюць падрыхтоўцы да сьвяткаваньня Дня волі”,-- прызнаў спадар Вячорка.

Вячаслаў Сіўчык сказаў Свабодзе, што ён зусім не спадзяваўся на тое, што будзе вызвалены, як і не чакаў, што яго затрымае міліцыя.

"Натуральна, што калі я апынуўся на Акрэсьціна, то чакаць, што мяне вызваляць, не было ніякіх падставаў. Я думаю, што міліцыя тут не вырашала, яна цудоўна разумее, што парушае закон паводле загаду зьверху. І мы мусім адчуваць тую небясьпеку, якую нясуць беларускаму грамадзтву такія паводзіны беларускай міліцыі".

Вячаслаў Сіўчык заявіў, што і праз год ў яго не зьмянілася стаўленьне да падзеяў на Кастрычніцкай плошчы:

"І тады, і цяпер я ў захапленьні ад беларусаў, таму што калі ўдумацца, то тое, што адбывалася з 20 па 24 сакавіка, было проста немагчымым у краіне татальнага кантролю. Адбылася вельмі сур''ёзная зьява, нацыянальны вызвольны чын у цэнтры Менску, насупраць рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы. Падзеі былі вельмі сур''ёзныя, і я думаю, што калі будуць яшчэ больш сур''ёзныя падзеі, то яны будуць адбыцца ў тым фармаце, які заклала Плошча Каліноўскага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG