Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі сэксуальны скандал з удзелам беларускай грамадзянкі


Алена Струвэ, Менск Маладая грамадзянка Беларусі, якая цягам апошніх сямі год знаходзілася нелегальна ў Ізраілі, напярэдадні дэпартацыі на радзіму абвінаваціла Ліора Кацава, малодшага брата ізраільскага прэзыдэнта Машэ Кацава, у сэксуальных дамаганьнях. Як перадае 7 канал Ізраільскага тэлебачаньня, Ліор Кацаў пачаў даваць першыя паказаньні, цягам бліжэйшых дзён павінна адбыцца вочная стаўка паміж пацярпелай і падазраваным.

Ад пачатку тыдня кожнае новае паведамленьне пра брата прэзыдэнта і нелегалку зь Беларусі з’яўляецца топ-навіной у інфармацыйных выпусках ізраільскіх СМІ. Згодна з ізраільскімі законамі, імя пацярпелай не называецца. Паўсюдна ў хроніках яна ідзе пад ініцыялам Л. Кажуць, гэта першая літара яе імя ці прозьвішча. Тыя, хто бачыў дзяўчыну, сьведчаць: вельмі прыгожая.

Карэспандэнт 7-га тэлеканалу Яўген Сава распавёў, што беларуска нелегальна працавала ў папулярным прыдарожным рэстаранчыку “101”. Гэта непадалёк ад магістралі, якая вядзе на поўдзень краіны, у бок гораду Эйлат. Сярод наведнікаў рэстарацыі – зоркі, палітыкі. Сустрэча беларускі Л. і брата прэзыдэнта адбылася два гады таму.

Яўген Сава размаўляў з супрацоўнікамі рэстарацыі “101”.

“Дзяўчына, кажуць, была ў цяжкім псыхалягічным стане, паколькі знаходзілася на нелегальных умовах. Ёй многія імкнуліся дапамагчы. Паводле дырэктара рэстарацыі “101”, дзяўчына цікавая і прыгожая. Брат Кацава таксама спрабаваў спачуваць ёй. У працэсе гэтага спачуваньня, ён, быццам бы, пачаў яе абдымаць, мацаць інтымныя месцы. Вось так вынікае са скаргі”,-- кажа журналіст 7-га ізраільскага тэлеканалу.

Некаторыя ізраільскія аглядальнікі і назіральнікі не выключаюць, што справа, хутчэй за ўсё, арганізаваная прыхільнікамі гэтак званай кансьпірацыі, якая існуе ў грамадзтве. Гэта калі ворагі прэзыдэнта Кацава бяруцца непасрэдна за ягоны клан, паколькі ў адпаведнасьці з законам самога прэзыдэнта ў выніку часовага спыненьня ягоных паўнамоцтваў чапаць нельга.

Як лічыць ізраільскі бізнэсовец, былы менчук Ігар Рубінштэйн, размова ідзе нават не пра палітыку, а пра зьвядзеньне рахункаў.

“Нейкая брудная гісторыя. Мне падаецца, звычайныя паліцэйскія гульні. Паліцыя ня любіць прэзыдэнта, а прэзыдэнт ня любіць паліцыю”.

Ізраільскія СМІ паведамляюць, што паказаньні беларускі прайшлі праверку на дэтэктары лжы. Паводле закону пра сэксуальныя дамаганьні, ахвяра зможа атрымаць у якасьці кампэнсацыі да 50 тысяч шэкеляў альбо 12 тысяч даляраў, аднак шанцаў на ізраільскае грамадзянства ў дзяўчыны практычна няма ніякіх.

Што да падазраванага Ліора Кацава, то ён сказаў журналістам наступнае: “Шкада, што кожны, каго арыштоўвае паліцыя, спрабуе вырашыць пытаньне, фабрыкуючы самыя розныя інсынуацыі супраць сям’і Кацаваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG