Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе сэмінар, арганізаваны Утай Цапф


Уладзімер Глод, Менск “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва”. Ён адбудзецца пад старшынствам намесьніка кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца і кіраўніцы Рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дэпутаткі Бундэстагу Уты Цапф.

Сэмінар адбудзецца ў залі самітаў Нацыянальнай бібліятэкі. Сэмінар быў заплянаваны яшчэ ў 2004 годзе і некалькі разоў адкладаўся з прычыны таго, што прадстаўнікі афіцыйнага Менску не пагаджаліся на ўдзел у ім апазыцыі. Сэмінар адбудзецца ў залі самітаў Нацыянальнай бібліятэкі. Перад прыездам у Беларусь Ута Цапф сказала:

“Я знаходжу, што гэта вельмі захапляльная падзея. Нарэшце працоўная група па Беларусі і дэлегацыя Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ арганізавалі сэмінар. Прадстаўнікі дэлегацыі Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і рабочай групы па Беларусі, прадстаўнікі адміністрацыі, розных эўрапейскіх арганізацый і шэраг прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі возьмуць удзел у дыскусіі. Для мяне гэта было нечакана, што нарэшце гэта атрымалася. І я думаю, гэта можа азначаць пачатак дыялёгу паміж усімі грамадзкімі сіламі ў Беларусі і эўрапейцамі”.

З праграмы сэмінару вынікае, што на ім будуць чатыры дакладчыкі: адзін -- прадстаўнік Эўракамісіі, адзін -- замежны дэпутат, чыё імя пакуль невядома, а таксама два прадстаўнікі беларускіх уладаў -- намесьнік міністра замежных справаў Валер Варанецкі і намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі. Апошні ў інтэрвію нашаму радыё так ацаніў сэмінар:

"Мая пазыцыя, што гэта пазытыўнае мерапрыемства. Яно скіраванае на высьвятленьне пазыцыяў двух бакоў, паколькі ў сэмінары будуць удзельнічаць таксама прадстаўнікі Эўракамісіі, Эўрапарлямэнту. Эўрапейская палітыка добрасуседзтва -- сама па сабе дастаткова прагрэсіўны інструмэнт. І Беларусь зацікаўленая ўдзельнічаць у ёй, паколькі гэта вялікі блёк пытаньняў. Іншая справа, што фармат і падыход да поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ў гэтай палітыцы непасрэдна зьвязаны з ультыматыўнымі палітычнымі патрабаваньнямі, якія прад''яўляе Эўразьвяз да Беларусі. На сёньняшні дзень Беларусь выключаная з гэтага праекту. Хочацца спадзявацца, што сэмінар будзе першы крокам для ўсталяваньня лепшых кантактаў з Эўразьвязам і Эўрапарлямэнтам, хоць ён праходзіць зь ініцыятывы і пад эгідай Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ".

Сярод грамадзкіх дзеячаў, якія будуць на сэмінары, кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Валер Фралоў. Ён гаворыць, што атрымаў асабістае запрашэньне, у якім не пазначана, у якасьці каго ён удзельнічае ў мерапрыемстве. Стаўленьне да сэмінару ў генэрала пэсымістычнае:

"Сустрэча, як мне здаецца, нічога ня вырашыць. Я не разумею, чаму наагул яна адбываецца, калі ніводная зь перадумоваў, якія ставіліся перад беларускімі ўладамі для кантактаў зь імі, дагэтуль ня выкананая. Таму я й ня ведаю, навошта зьбірацца. Пасьля ж афіцыйны бок скажа: "Глядзіце, мы ж з Захадам размаўляем".

Спадар Фралоў зьвяртае ўвагу на тое, што сэмінар рыхтаваўся ўпотай ад дэмакратычных сіл Беларусі, яго фармат узгадняўся толькі з уладамі. Выступы прадстаўнікоў грамадзкасьці праграмай прадугледжаныя толькі на сэкцыйных пасяджэньнях. Але Валеры Фралоў спадзяецца, што ён зможа выйсьці да мікрафону:

"А я спытаю іх: чаго вы чакаеце ад нашых уладаў? Вы ж ужо 12 гадоў чакаеце, а нічога не зьмяняецца, нічога добрага ня робіцца. Паглядзім, што яны адкажуць".
XS
SM
MD
LG