Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М. Грыб: “ Першага і другога прэзыдэнтаў трэба было абіраць парлямэнтам”


Альгерд Невяроўскі, Менск 13 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня прынялі першы Асноўны закон незалежнай Беларусі. Паводле яго краіна стала прэзыдэнцкай рэспублікай. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэтае сьвята стала працоўным днём. Як зараз ацэньваюць Канстытуцыю прадстаўнікі ўлады і тыя дэпутаты, што галасавалі за і супраць яе прыняцьця?

Прадстаўнікі ўлады высока цэняць прынятую 15 сакавіка 1994 году Канстытуцыю, якая была істотна зьмененая ў 1996 годзе. Вось што сказаў з нагоды Дня Канстытуцыі старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч:

“Канстытуцыя, прынятая ў 1994 годзе, ёсьць дакумэнтам, які засьведчыў нараджэньне новага дзяржаўнага ўтварэньня. Сама па сабе Канстытуцыя сапраўды народная. Яна замацавала і ўвабрала ў сабе ўсе тыя каштоўныя прынцыпы й нормы, якія ёсьць у эўрапейскай практыцы. І якія дазваляюць, разумна іх прыстасоўваючы, забясьпечваць балянс інтарэсаў як асобнага чалавека, так і ў цэлым грамадзтва й дзяржавы”.

Як узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ Лявон Баршчэўскі, спробы ператварыць пры дапамозе новай Канстытуцыі Беларусь з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку рабіліся яшчэ з 1990 году тагачаснымі лідэрамі кампартыі. Але доўгі час гэтыя спробы ўдавалася блякаваць. Пасьля над праектам Канстытуцыі пачалі працаваць дзьве камісіі – пад кіраўніцтвам Васіля Шаладонава і Віктара Ганчара.

І Шаладонаў, і Ганчар выступалі за ўвядзеньне прэзыдэнцтва. У выніку напрацоўкі дзьвюх гэтых камісіяў былі аб’яднаныя і пачалося галасаваньне па артыкулах.

Было шмат спрэчак, апазыцыя БНФ даводзіла, чаму Беларусі не патрэбная прэзыдэнцкая форма кіраваньня. Але праўрадавай фракцыі ўдалося схіліць на свой бок большасьць дэпутатаў. Дэпутаты апазыцыі БНФ ня бралі бюлетэняў, спрабуючы заблякаваць галасаваньне, але Канстытуцыя была прынятая. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

“Увогуле, прыняцьце першай Канстытуцыі, у прынцыпе, мае станоўчае значэньне. Адзінае, што зрабілі цьмяныя й кампрамісныя фармулёўкі, якія потым былі выкарыстаныя для разгрому ў краіне парлямэнтарызму. Я маю на ўвазе той знакаміты артыкул, які пачынаўся словамі: “Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь зьяўляецца гарантам канстытуцыйнага парадку і прымае неабходныя меры дзеля яго абароны”.

А вось у чым бачыць памылку тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб:

“На сёньняшні час я лічу, што прымаць Канстытуцыю з прэзыдэнцкай формай кіраваньня памылкай не было. Памылка была ў тым, што мы не прынялі захады асьцярожнасьці. Нам трэба было ў разьдзеле “Парадак увядзеньня Канстытуцыі” прыняць рашэньне пра тое, што першага, а можа і другога прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь абірае парлямэнт. А потым, калі б усё ўсталявалася, можна было б перайсьці да агульнага, усенароднага абраньня прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG