Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты заклікаюць адключацца ад радыёкропак


Любоў Лунёва, Менск Cёньня актывісты моладзевага дэмакратычнага руху ладзяць агульнанацыянальны флэш-моб. Яны заклікаюць грамадзянаў адключацца ад радыёкропак з вяшчаньнем першага каналу Беларускага радыё.

Беларускія грамадзяне плацяць за радыёкропку, калі разьлічваюцца за камунальныя паслугі, незалежна ад таго ёсьць у кватэры радыёпрымач, ці няма. Калі людзі засяляюцца ў новыя кватэры, ім не прапануюць заключыць дамову на дзяржаўнае радыёвяшчаньне.

Апрача таго супрацоўнікі жыльлёва-эксплюатацыйнай службы ня маюць паўнамоцтваў адключыць абанэнтаў ад паслугі. Грамадзяне мусяць зьвяртацца з заявай абрэзаць радыёкропку ў аддзелы групы ўліку абанэнтаў гарадзкой радыёсеткі.

Іх адрасы ў сталіцы і абласных гарадах арганізатары флэш-мобу зьмясьцілі ў інтэрнэце. Яны разьлічваюць, што ў акцыі возьмуць удзел сотні грамадзянаў. Ірына Фогель будзе ўдзельнічаць у флэш-мобе.

“Я пайду на гэтую акцыю, бо лічу, што гэта, сапраўды, непатрэбная рэч. Я сама буду вырашаць, якое радыё мне слухаць, ці якое тэлебачаньне глядзець. Якія мне глядзець перадачы, я буду выбіраць сама. Па праўдзе, я й не слухаю гэтае радыё”.

Яе сяброўка Алена дадала:

“Я лічу, што нам такое радыё непатрэбнае. Нам патрэбна інфармацыя, а не прапаганда. Я пайду і падам заяву, каб адключылі радыё”.

Юрыст Уладзімер Лабковіч выказаў сваё меркаваньне:

“Я вітаю правядзеньне гэтага флэш-мобу. Лічу, што гэта карысна і добра. Бясспрэчна, гэтае радыё з’яўляецца рупарам ідэалёгіі, рупарам, які абалваньвае нашае грамадзтва. Трэба адзначыць, што катэгорыі грамадзянаў, якія слухаюць гэтае радыё,-- пэнсіянэры, сацыяльна не забясьпечаныя людзі, жыхары вёсак, якія традыцыйна слухаюць гэтае радыё, ці ня маюць магчымасьці глядзець тэлебачаньне”.

Арганізатары флэш-мобу зьмясьцілі зварот да патэнцыйных удзельнікаў акцыі: “Перад Днём Волі ты можаш паменшыць колькасьць хлусьні ў эфіры. Гэта не мітынг у цэнтры гораду, але, напэўна, гэта дасьць штуршок да чагосьці большага...”

Акцыя будзе адбывацца цягам дня ад 8 раніцы да 5 вечара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG