Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасёлак Чысьць — маленькая Швайцарыя


Зьміцер Бартосік, Чысьць, Маладэчанскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Як бы гэта банальна ні гучала, але пасёлак Чысьць сапраўды вельмі чысты. Прычым, уражвае ня проста адсутнасьць сьмецьця на вуліцах — гэтым у Беларусі ня зьдзівіш.

Чысьць выглядае па-эўрапейску эстэтычна. Катэджы з чырвонай цэглы суседзяць са сталінскімі двухпавярховікамі. Дамы пафарбаваныя ў яркія колеры, паўсюль растуць сосны, што робіць Чысьць падобнай на санаторый.

Сапраўды, Чысьць ня самае горшае месца ў Беларусі для жыцьця й працы. Нарадзіўся пасёлак у 1953 годзе, калі пачалі распрацоўваць вялікі тарфяны масіў, які даў назву і пасёлку.

А напрыканцы 1980-х Чысьць нарадзілася наноў. Бо тут адкрыўся завод буйнапанэльнага домабудаваньня. На пачатку 1990-х пры ўдзеле Нямеччыны ў Чысьці пабудавалі яшчэ некалькі заводаў для вытворчасьці будматэрыялаў, аб’яднаныя ў адкрытае акцыянэрнае таварыства “Забудова”. Брэнд у Беларусі вельмі вядомы.

Мой суразмоўца, былы работнік фірмы “Забудова” і дэпутат райсавету Аляксандар Раткевіч, крыху прасьвятляе вясёлкавую карцінку.



Карэспандэнт: “Пры ўезьдзе ў Чысьць ўражаньні самыя лепшыя”.

Раткевіч: “Маленькая Швайцарыя. Шкада, канечне. Глядзіш на гэты пасёлак — будаваўся ён на паказуху. Хаця бы гэты дом. Таксама з маім удзелам зроблены. Я вонкавыя сьцены рабіў, працаваў майстрам. Тэхналёгія там такая нядобрая. Прамярзаюць вуглы, стыкі прамярзаюць”.

Карэспандэнт: “А што сёньня ўяўляе “Забудова”? Моцнае прадпрыемства, якое ўпэўнена стаіць на нагах і дзе людзі зарабляюць добрыя грошы?”

Раткевіч: “Для жыцьця гэта ня грошы. Для нашай акругі, асабліва ў параўнаньні з Маладэчнам, у якім стаяць усе прадпрыемствы колам. Пяцьсот атрымліваюць. Зарплата тут у “Забудове” — “Забудова” трымаецца. Але працаваць маглі б нашмат болей”.

Калі “Забудова” толькі пачыналася, а было гэта за часамі руйнаваньня Савецкага Саюзу, у Чысьць тады прыехала многа спэцыялістаў з былых рэспублік. Добры заробак і магчымасьць атрымаць жытло вабілі людзей як з Расеі, так і з Эстоніі.

Мая наступная суразмоўца, Марыя, пераехала ў Беларусь зь Літвы. Пра свой выбар яна, па вялікім рахунку, не шкадуе, але зь некаторымі беларускімі рысамі ніяк ня можа зжыцца.

Марыя: “Нейкага жаданьня быць беларусамі я ў беларусах ня бачу. Той жа Нясьвіж, Мір... Многія людзі, якія нас атачаюць, ніколі не былі й ня хочуць, ім гэта не патрэбна. Як там прыгожа, цікава! Мяне гэта зьдзіўляе, вядома”.

Чысьценскую школу язык не паварочваецца назваць сярэдняй. Яна адметная як архітэктурай, так і сваім спарткомплексам. Чатырнаццаць спартовых заляў, прафэсійны басэйн, шматлікія турніры.

Я завітаў сюды падчас Усебеларускага дзіцячага турніру па грэцка-рымскай барацьбе. Але ніякай дзіцячасьці, што тычыцца арганізацыі, і блізка не было. Усё сур’ёзна. Сапраўдны накал на кілімах, сапраўдныя эмоцыі заўзятараў. А больш за ўсё радавала масавасьць гэтай дзеі.

Разгаварыўшыся з адным з ініцыятараў турніру, трэнэрам Сяргеем, я чарговы раз пераканаўся, што ўся фізкультура ў нашай спартовай краіне трымаецца на такіх вось энтузіястах сваёй справы, а зусім ня дзякуючы Міністэрству спорту і турызму.



Сяргей: “Працаваць трэба зь дзецьмі ня дзеля галачкі. Калі я дзяцей выводжу за свой рахунак, за рахунак іх бацькоў. Калі бацькі няма, а маці адна працуе — як іх вазіць? Ды праўдамі й няпраўдамі цягнеш”.

Аляксандар Раткевіч палітычную апатычнасьць сваіх землякоў зьвязвае зь бязьдзейнасьцю беларускай апазыцыі ў глыбінцы.

Раткевіч: “Вялікае ўпушчэньне апазыцыі нашай, гнілой, як “бацька” кажа, тое, што адвярнуўшыся ад народу. І ўлада ад народу, і апазыцыя. Мы засталіся на волю лёсу кінутыя. Можа, гэта “бацькава” апазыцыя? Лябедзька зь Вячоркам жывуць сабе прыпяваючы, абзываюцца. Абзывай хоць гаршком, абы ў печку ня стаў. І жывуць зь ім прыпяваючы”.

На думку Раткевіча, галоўная памылка менскіх кіраўнікоў — тое, што яны недаацэньваюць ролю мясцовых саветаў. На ягоную думку, менавіта мясцовыя саветы — тая ўлада, зь якой у людзей адбываецца непасрэдны й самы блізкі кантакт. І менавіта ад гэтага кантакту залежаць у далейшым посьпехі ўсіх наступных кампаніяў:

Раткевіч: “Улада на месцы — гэта ёсьць сіла самая сапраўдная. На вярхах у агульных рысах. Але ж мы жывем зь мясцовай уладай. Ну, скінуць Лукашэнку. Сядзе гэты Вячорка. І што, ён рашыць мае праблемы? Ды ня вырашыць ніколі ў жыцьці. Таму што тут сядзяць мясцовыя бюракраты”.

Адна з найстарэйшых жыхарак Чысьці, Лідзія Дарафееўна Мушавец, падчас нямецкай акупацыі тры з паловай гады правяла ў Вялікім Райху. У тым ліку і ў лягеры Дахаў.



Мушавец: “Самае было страшнае, як людзей клалі на насілкі і ў печ. У крэматорную печ апускалі. Такі вазочак, чалавека кладуць туды, жывога яшчэ. Адкрыецца гэтая печ — і туды чалавека гэтага, закрыецца, і адтуль вылазіць ужо без чалавека. Больш я такога страшнага ня бачыла. Гэта страшней за ўсё на сьвеце”.

Кожнага разу, калі я слухаю расповеды сьведкаў тых страшных падзеяў, не магу прызвычаіцца да факту, што ўсе тыя жахі былі зусім нядаўна. Даслоўна ўчора.

Мушавец: “Гэтых людзей спальвалі, а попел гэты вельмі дарагі ў іх. Гэта вельмі добрае ўгнаеньне было. Яны ў мяшэчкі сартавалі. Невялічкія такія мяшэчкі. Я на свае вочы бачыла. Ведала, што гэта людзкое, што гэта нашых людзей попел. І сеяла на полі. А што ж ты будзеш рабіць? Будзеш рабіць ўсё, што табе скажуць”.

Карэспандэнт: “А як вам сёньня жывецца?”

Мушавец: “Калі б не мае ўсе беды, мне выдатна жывецца. Калі ўявіш, што я перажыла і як цяпер жыву, дык думаю, чаму нельга вярнуць жыцьцё назад. Юнацтва маё ўсё прапала. Тры з паловай гады я была там”.

Старая Лідзія галасуе і агітуе ўсіх “за Лукашэнку”. Я ня стаў ёй нагадваць словаў Лукашэнкі пра Гітлера.

Нядаўні школьнік, а сёньня студэнт філфаку БДУ Павал Раага па маці расеец, па бацьку эстонец. Таму я зусім не зьдзівіўся, што менавіта ён двойчы станавіўся пераможцам ўсебеларускай алімпіяды па беларускай мове.



Карэспандэнт: “Вы можаце назваць сябе патрыётам мястэчка Чысьць?”

Раага: “Магу. Менск для мяне менш цікавы за Чысьць”.

Карэспандэнт: “А чым яна адметная?”

Раага: “У нас адна вуліца — літоўцы жывуць, людзі з Палесься, людзі з Эстоніі, людзі з Каўказу. У нас школа — абсалютна шматнацыянальная”.

Карэспандэнт: “А не ўзьнікала ніякіх міжнацыянальных канфліктаў?”

Раага: “Не, ніколі. Абсалютна талерантна ўсе ставіліся”.

Да беларушчыны Паўла падштурхнула гістарычная проза Ўладзімера Арлова, якую напачатку 1990-х актыўна прапагандавалі ў сярэдніх школах. У сёньняшніх школах прапагандуецца не літаратура.

Раага: “На мой погляд, сучасная моладзь — яны больш папсовыя. Больш стандартныя, можна так сказаць. Яны ведаюць, што ў дваццаць тры гады ў іх павінна быць добрая праца, у дваццаць пяць — аўтамабіль. А іншыя зацікаўленьні...”

Карэспандэнт: “Такія паняцьці, як беларушчына?”

Раага: “Ня мае ніякага сэнсу для іх”.

Скончыць падарожжа ў Чысьць хочацца на больш радаснай ноце. Паслухайце параду ад Аляксандра Раткевіча. Можа быць, яна вам недзе і прыдасца.

Раткевіч: “Я назіраю, калі заходжу ў якую ўстанову дзяржаўную і гляджу адразу, як з гэтым начальнікам размаўляць. Як ён, прыхільнік народу ці ўлады? Заходжу. Вісіць партрэт “бацькі”. Усё, тут ужо ня будзе толку. Калі партрэт “бацькі” ёсьць, за цябе ніхто не заступіцца. Калі сьцяг ёсьць і партрэт, яшчэ можна на нешта спадзявацца. А калі сьцяга няма, а толькі партрэт, то гіблае дзела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG