Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіўчыка і Вячорку будуць судзіць 23 сакавіка


Любоў Лунёва, Менск Вячаслава Сіўчыка і Вінцука Вячорку адпусьцілі з турмы на вуліцы Акрэсьціна амаль а 6 вечара. Міліцыянты патлумачылі, што паколькі яны забыліся ў пратаколах указаць папярэднія арышты затрыманых, суд адбудзецца 23 сакавіка.

Лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку і Вячаслава Сіўчыка з раніцы чакалі некалькі дзесяткаў чалавек у судзе Савецкага раёну Менску. Сярод прысутных былі амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, намесьнік амбасадара ЗША Джонатан Мур, прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і АБСЭ.

Міліцыянты адмаўляліся даваць сваякам і амбасадарам якую-небудзь інфармацыю пра месца знаходжаньня апазыцыянэраў. А палове на 6 адвакаты Вінцука Вячоркі і Вячаслава Сіўчыка ў турме на Акрэсьціна высьветлілі, што іх падабаронных вырашылі адпусьціць. Абодвум далі позвы ў суд на 23 сакавіка.

Апазыцыянэры назвалі ганебнай практыкай дзеяньні міліцыянтаў. Яны лічаць, што іх хочуць ізаляваць на час правядзеньня акцыі 25 сакавіка.

Адміністрацыйная справа Вінцука Вячоркі і Вячаслава Сіўчыка – першая палітычная справа ад пачатку дзеяньня новага адміністрацыйнага кодэксу.

Вячаслава Сіўчыка затрымалі ўвечары на плошчы Якуба Коласа. Яму паведамілі, што ён падобны на злачынцу, і трэба ехаць у міліцыю на апазнаньне. Празь дзьве гадзіны яго павезьлі ў турму на Акрэсьціна. Сіўчыка абвінавацілі ў тым, што ён спраўляў натуральную патрэбу ў двары аднаго з дамоў на праспэкце Незалежнасьці.



Вінцука Вячорку затрымалі ля дзьвярэй кватэры, калі ён ішоў дахаты са сваімі дзецьмі. Вячорку абвінавацілі ў тым, што ён нецэнзурна лаяўся ў прысутнасьці дзяцей.






• Вячорку і Сіўчыка вызвалілі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG