Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьці на Свабодзе – Галіна Сіўчык і Вячаслаў Сіўчык<b/>


Радыё Свабода Званіце зараз (8-017) 266-39-52! На вашыя пытаньні адказваюць Галіна і Вячаслаў Сіўчыкі.

Учора мы паведамлялі, што суразмоўцам слухачоў Радыё Свабода стане адзін з герояў Плошчы Каліноўскага – Вячаслаў Сіўчык. Аднак пры канцы дня яго, як і Вінцука Вячорку, нечакана арыштавалі.

Тады мы дамовіліся, што замест сына ў эфіры будзе ягоная маці. Ад раніцы і да вечару яна чакала Вячаслава ў судзе. Ніхто не спадзяваўся на апраўдальны прысуд. Аднак у апошні момант прыйшло паведамленьне: Вячорку і Сіўчыка вызвалілі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна, ня выставіўшы пакуль ніякіх абвінавачаньняў. Абодвум уручылі на 23 сакавіка позвы для разгляду адміністрацыйнай справы.

Такім чынам, заўтра суразмоўцамі слухачоў Радыё Свабода будуць адразу два чалавекі – Вячаслаў Сіўчык, адзін з герояў сакавіка-2006, і ягоная маці.

Спадарыня Галіна, дарэчы, была на Плошчы разам са сваімі сынамі, старэйшым Вячаславам і малодшым Кастусём Лукашовым, ад першага і да апошняга дня існаваньня намётавага лягеру.

Зараз яна на пэнсіі. Раней шмат гадоў працавала ў Акадэміі навук, займалася спэктральным аналізам. Перастала займацца навукай пасьля таго, як нарадзілася дачка-інвалід. Неўзабаве ўладкавалася ў школу, выкладала фізыку. Гадзінаў мела няшмат: больш займалася выхаваньнем траіх дзяцей.

Калі яны падрасьлі, прыйшла ў Інстытут сацыялёгіі, дзе займалася успрыманьнем школьнікамі чарнобыльскіх праблемаў.

Апошнія 10 гадоў прысьвяціла індывідуальнай праваабарончай дзейнасьці. Старэйшы сын, Вячаслаў, дзясяткі разоў затрымліваўся міліцыянтамі. Малодшы, Кастусь, пасьля мінулагодніх сакавіцкіх падзеяў доўгі час правёў у СІЗА, а тры тыдні таму быў асуджаны на два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады.

Галіна Сіўчык уваходзіць у суполку жонак і маці тых, каго перасьледуе рэжым.

Зараз сяброўкі падтрымліваюць яе ў зьвязку з чарговым арыштам Вячаслава.

Гаворыць спадарыня Галіна:

– Ні я, ні сям’я Вячоркі ня можам высьветліць лёс сваіх дзяцей...

– А зараз дзе вы?

– Каля суду.

– Сёньня ў нас 14-е чысло, 12.00... – Так, поўдзень, але яшчэ дакладных зьвестак так і не атрымалі. Учора пад’ехалі прадстаўнікі АБСЭ і ў РАУСе Савецкім напалохаліся, паведамілі, што вывезьлі на Акрэсьціна. Але ж там сказалі, што няма...

Людзі ў пагонах ня маюць права насіць пагоны, калі яны маняць!

Што да сына, Вячаслава Сіўчыка, дык яму 45 гадоў, нарадзіўся ў Менску. Па адукацыі геоляг. У 1995-1998 гадох адказны сакратар управы БНФ, пасьля сакратар управы БНФ, старшыня камісіі Сойму БНФ па сувязях з рабочым рухам. 30 кастрычніка 1999 г. быў абраны намесьнікам старшыні БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ. 11 студзеня 2003 году рашэньнем Сойму БНФ выключаны з партыі БНФ “за дэструктыўную дзейнасьць... і непадпарадкаваньне рашэньням Сойму”. Ініцыятар стварэньня шэрагу грамадзкіх арганізацыяў ("Малады фронт", Беларускі жаночы рух "За адраджэньне Айчыны", іншых). Цяпер спадар Сіўчык узначальвае рух беларускай салідарнасьці “Разам”.

Пасьля "Чарнобыльскага шляху" ў 1996 годзе, у якім узялі ўдзел звыш 50 тысячаў чалавек, ягоныя арганізатары – Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык – былі затрыманыя. Яны адразу ж абвясьцілі галадоўку ў сьледчым ізалятары на Валадарцы. Галадоўка, што цягнулася 23 дні, скончылася перамогай – Хадыку і Сіўчыка вызвалілі з-пад варты.

Пасьля мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў на мітынгу 20 сакавіка Вячаслаў Сіўчык абвясьціў пра першыя намёты на Кастрычніцкай плошчы і заклікаў прысутных заставацца тут. Пасьля гэтага займаўся арганізацыяй жыцьця ў намётавым гарадку. 23 сакавіка яго жорстка зьбілі спэцназаўцы: патрапіў у трэці менскі шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай. Аднак суду ўдалося пазьбегнуць, калі пасьля выпіскі з дапамогай паплечнікаў уцёк на аўтамабілі ад супрацоўнікаў МУС. Калі вярнуўся з Украіны, апынуўся ў турме на Акрэсьціна, дзе адсядзеў 15 сутак.

Вось што Вячаслаў Сіўчык гаворыць пра тыя падзеі:

– Плошчы Каліноўскага – гэта гераічны нацыянальна-вызвольны чын беларускага народу, які ўжо назаўжды ўвайшоў у яго гісторыю. Я вельмі спадзяюся, што працяг плошчы – будзе!

Дарэчы, на гэтай самай плошчы ў 2003 годзе ён арганізаваў пікет з нагоды візыту Ўладзімера Пуціна, каб той папрасіў прабачэньня ў беларускага народу за сваю прапанову ўвайсьці ў склад Расеі ў якасьці губэрніі. Яшчэ праз год, 25 сакавіка 2004, зноў жа на плошчы Вячаслаў Сіўчык прыкаваў сябе ланцугом да аднаго са слупоў, пратэстуючы супраць беззаконьня рэжыму.

Пытаньні Галіне і Вячаславу Сіўчыкам можна задаваць і загадзя: на кругласутачны тэлефон-аўтаадказьнік (8-017) 266-39-52, праз SMS (391-22-24) ці электронную пошту (rferl.minsk@gmail.com).
XS
SM
MD
LG