Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін: другі дзень школьнікаў выклікаюць на допыт у КДБ


Радыё Свабода Сёньня ў Жлобіне супрацоўнікі мясцовага аддзяленьня КДБ працягвалі допыты моладзевых актывістаў.

Непасрэдна з заняткаў супрацоўнік КДБ спадар Коласаў выклікаў на допыт адзінаццаціклясьніка гарадзкой гімназіі №1 Андрэя Сарачынскага. Гімназіста распытвалі пра дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, ягоных кіраўнікоў, асобных жлобінскіх актывістаў.

“Мне сказалі, што ў Менску была заведзеная нейкая крымінальная справа на нейкіх Хведарука й Корбана. Хто гэта такія, я ўвогуле ня ведаю”.
Некаторыя навучэнцы гарадзкіх школаў ды гімназіяў наагул зьдзіўленыя, што іх выклікаюць на допыт:

Школьнік: “Мне сказалі, што ў Менску была заведзеная нейкая крымінальная справа на нейкіх Хведарука й Корбана. Хто гэта такія, я ўвогуле ня ведаю. Дапытваліся таксама пра “Малады фронт”, ці ўваходжу я ў склад гэтай арганізацыі, ці не? Паказвалі сьпісы з нашымі прозьвішчамі й імёнамі. Я ўвогуле ня ведаю, чаму нас выклікаюць, чаму такая хваля пайшла.

Проста прыйшлі да нас у школу й зьнялі з заняткаў, павялі, як нейкіх крымінальнікаў. Наша завуч кажа: ну куды вы ўжо ўлезьлі, крымінальнікі вы гэткія. Ніколі ў нас не было праблемаў зь міліцыяй, а тым больш з КДБ. І тут цяпер прыйшлі, зьнялі з заняткаў, як мы быццам якіясьці ворагі народу”, — сказаў школьнік.

У другой палове дня на допыт у аддзяленьне КДБ выклікалі жлобінскіх дзяўчат — Кацярыну Коневу зь сярэдняй школы №9, некалькіх старшаклясьніц з 11-й гарадзкой школы.
XS
SM
MD
LG