Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Васілевіч не плянуе ўдзельнічаць у сьвяткаваньні Дня Волі (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч лічыць Канстытуцыю Беларусі “сапраўды народнай” і кажа пра посьпехі ў пабудове “прававой і дэмакратычнай” дзяржавы. Судзьдзя прызнае, што ў Канстытуцыі ёсьць пэўныя недахопы і тлумачыць, што іх складана выправіць.

“Мы рушым наперад сямімільнымі крокамі”, — сказаў старшыня Канстытуцыйнага Суду Беларусі Рыгор Васілевіч адносна пабудовы ў Беларусі прававой дэмакратычнай дзяржавы на прэсавай канфэрэнцыі напярэдадні Дня Канстытуцыі.

У гэтым працэсе Рыгор Васілевіч параўнаў Беларусь са ЗША:

“Мы дынамічна разьвіваемся як прававая дзяржава. ЗША спатрэбіліся 150—200 гадоў, каб іх канстытуцыйныя нормы сапраўды адпавядалі ўсім стандартам, уключна з удзелам жанчын у выбарах, раўнапраўю паводле колеру скуры і гэтак далей. Мы ў гэтым сэнсе разьвіваемся сямімільнымі крокамі”.

“Мы ня супраць пашырэньня нашых паўнамоцтваў”

Рыгор Васілевіч ня стаў камэнтаваць перасьлед актывістаў апазыцыі напярэдадні Дня Волі, у тым ліку на падставе 193-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Адказваючы на пытаньне пра неканстытуцыйнасьць гэтага артыкулу, спадар Васілевіч спаслаўся на 116-ты артыкул Асноўнага закону, які не дае Канстытуцыйнаму суду права са сваёй ініцыятывы разглядаць такія пытаньні:

“У частцы 4 116-га артыкулу вызначана, што толькі прэзыдэнт ды пэўныя дзяржаўныя структуры могуць даслаць у Канстытуцыйны суд запыт аб праверцы нормы, якая існуе ў Крымінальным кодэксе. Іншага шляху ня дадзена. А мы ня супраць пашырэньня нашых паўнамоцтваў. Ня супраць”.

Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што артыкул Крымінальнага кодэксу пра адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі груба парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў.

Заявы грамадзянаў адносна парушэньня іхных правоў праз гэты артыкул Канстытуцыйны суд не разглядае, спасылаючыся на тое, што з такой ініцыятывай могуць выступіць толькі прэзыдэнт, парлямэнт, Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчы суды.

Пры гэтым Рыгор Васілевіч распавёў журналістам, што за мінулы год Канстытуцыйны суд разглядзеў болей за дзьве тысячы зваротаў грамадзянаў.

“З гістарычнага пункту гледжаньня я ўяўляю, што такое 25 сакавіка”

Журналісты таксама спыталі ў Рыгора Васілевіча, ці зьбіраецца ён прыйсьці 25 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб адзначыць Дзень Волі.

“З гістарычнага пункту гледжаньня я ўяўляю, што такое 25 сакавіка. Пакуль гэта не дзяржаўнае сьвята — таму, безумоўна, удзельнічаць у ім я не пляную”.





На здымках: Рыгор Васілевіч дэманструе Канстытуцыю СССР 1937 году; тэксты Канстытуцыяў СССР 1937 году, 1978 году, Канстытуцыі РБ 1994 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG