Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Ужо пяцёра маладафронтаўцаў падазраюцца ў крымінале</B>


Іна Студзінская, Менск Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” --> http://mfront.net/ працягваюць выклікаюць на допыты ў сувязі з крымінальнай справай, якую распачаў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Cёньня сьледчы гарадзкой пракуратуры Сяргей Грахоўскі выклікаў Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука, Людмілу Атаколаву, Віктара Янчарэвіча.

13 сакавіка позна ўвечары сьледчыя пракуратуры ўчынілі два ператрусы — у кватэры бацькоў Барыса Гарэцкага і паводле месца прапіскі самога моладзевага актывіста.

Паводле месца прапіскі ператрус ладзілі трое супрацоўнікаў КДБ у цывільным, кажа Барыс Гарэцкі: “Паводле месца прапіскі нікога не было дома, таму выламалі дзьверы. Сканфіскавалі шэраг старых улётак 2004—2005 гадоў. І яшчэ сканфіскавалі прыватны кампутар майго брата, які знаходзіўся ў кватэры па месцы маёй прапіскі”.

Сёньня раніцай дзьве з паловай гадзіны доўжыўся допыт Барыса Гарэцкага ў гарадзкой пракуратуры. Сьледчы Сяргей Грахоўскі паведаміў актывісту, што яго перакваліфікавалі ў падазраванага паводле справы незарэгістраванага “Маладога фронту”.

Такім чынам, на сёньняшні дзень ужо пяцёра сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” праходзяць у крымінальнай справе як падазраваныя: Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук. Хведарука таксама сёньня дапытваў сьледчы Грахоўскі.

“Прад’яўлялі сёньня касэты з праслухоўваньнем паседжаньня рады ў кватэры 4 сакавіка, паказалі раздрукоўку, хто што казаў — у ролях, як у спэктаклі. То бок праслухоўвалі даволі добра, і як высьвятляецца з папярэдніх допытаў, праслухоўвалі ня толькі 4-га, але і раней.

Яшчэ задавалі, у прынцыпе, тыя ж самыя пытаньні, што і ў будынку КДБ: ці зьяўляецеся вы сябрам “Маладога фронту”, што вы робіце, мэты, хто чым займаецца, хто за што адказвае, запытваліся пра іншых людзей, на якіх завялі крымінальную справу. Шмат пытаньняў было датычных рэгістрацыі “Маладога фронту”, – апавядае Зьміцер Хведарук.

На думку маладафронтаўцаў, цяпер спэцслужбы ўзяліся за іх шчыльна — і, магчыма, ужо ў траўні справу перададуць у суд.

Гл. таксама

• Маладых берасьцейцаў выклікаюць у КДБ у справе “Маладога фронту”

• Жлобін: КДБ дапытвае моладзевых актывістаў

• КДБ і пракуратура трэці дзень дапытваюць актывістаў “Маладога фронту”

• Б.Гарэцкі стаў падазраваным у справе “Маладога Фронту”

• У Менску і ў рэгіёнах дапытваюць маладафронтаўцаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG