Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адбылося паседжаньне расейска-беларускай праваабарончай камісіі


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве адбылося паседжаньне грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі ў судзеяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці й правоў чалавека.

Сустаршынёй абраная Сьвятлана Калінкіна

У паседжаньні зь Беларусі ўзялі ўдзел жонка зьніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар, праваабаронца Гары Паганяйла, шэф-рэдактарка газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна і іншыя. З расейскага боку — палітоляг Сяргей Караганаў, старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева, дырэктар Інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр.

Замест былога дэпутата генэрала Валер’я Паўлава, які стала жыве ў Маскве, сустаршынёй камісіі зь беларускага боку абраная Сьвятлана Калінкіна. Паводле сяброў камісіі, гэта дазволіць зрабіць працу больш мабільнай. І нават стварыць у Менску грамадзкую прымальню, кажа спадарыня Калінкіна.

Арышты напярэдадні 25 сакавіка – “незаконныя дзеяньні, якія ня маюць ніякага дачыненьня да прававой дзяржавы”

“Вялікую трывогу выказалі ўсе сябры камісіі ў сувязі з прэвэнтыўнымі арыштамі напярэдадні 25 сакавіка, якія цяпер адбываюцца ў Менску. Гэта выклікае абурэньне й непаразуменьне ў юрыстаў. І адназначная ацэнка, што гэта надуманыя, незаконныя дзеяньні, якія ня маюць ніякага дачыненьня да прававой дзяржавы”, — заявіла спадарыня Калінкіна.

Сябра камісіі, вядомы расейскі праваабаронца Валянцін Гефтэр выказвае заклапочанасьць такімі дзеяньнямі беларускай улады:

“Фальшывыя падставы і такія, здавалася б, невялікія адміністрацыйныя рэпрэсіі ствараюць агульны фон, на якім могуць адбывацца і значна больш сур’ёзныя правапарушэньні”.

Камісія занепакоеная пашырэньнем у Беларусі практыкі прэвэнтыўных арыштаў лідэраў апазыцыі напярэдадні апазыцыйных акцыяў, кажа сябра камісіі, вядомы журналіст Павал Шарамет:

“Камісія ўжо не аднойчы рабіла заявы адносна палітычна матываваных арыштаў і палітычна матываваных крымінальных справаў. Ніякіх пераменаў ад таго часу не адбылося. Сама палітычная сытуацыя ў Беларусі не палепшылася, а пагоршылася. У прыватнасьці, цяпер на камісію было вынесенае пытаньне і будзе рыхтавацца юрыдычная ацэнка крымінальных перасьледаў актывістаў “Маладога фронту” ды іншых моладзевых і незарэгістраваных арганізацыяў”.

Расейцы ацэняць дэкрэт №18 і магчымасьць дапамогі выключаным студэнтам-актывістам

Расейскія экспэрты зробяць юрыдычную ацэнку леташняга прэзыдэнцкага дэкрэту №18. Паводле сяброў камісіі, ён стаў інструмэнтам беспрэцэдэнтнага ціску на палітычных актывістаў праз пагрозу пазбаўленьня бацькоўскіх правоў апазыцыянэраў. Павал Шарамет спадзяецца, што да голасу Эўропы, якая асуджае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, далучыцца і голас Расеі:

“Узьнялі пытаньне, што расейскі бок, расейская дзяржава не аказвае падтрымкі й дапамогі такой жа актыўнай, як прадстаўнікі эўрапейскіх дзяржаваў, рэпрэсаваным беларускім грамадзянам. І Эла Памфілава абавязалася разгледзець пытаньне з даваньнем месцаў для вучобы ў расейскіх навучальных установах беларускім студэнтам, якія выключаныя зь беларускіх установаў паводле палітычных матываў”.
XS
SM
MD
LG