Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сяргея Скрабца апісалі маёмасьць (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сёньня судовая выканаўца Аляксандра Шумейка апісала маёмасьць былога кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца. Вопіс зрабілі для пагашэньня запазычанасьці былога парлямэнтара перад “Беларусбанкам”. Гэтую запазычанасьць Вярхоўны Суд Беларусі ацаніў на паўтара мільярда рублёў (каля 700 тысяч даляраў), якія Скрабец, паводле суду, выманіў у дзяржавы падчас дэпутацтва.

У сям’і Скрабцоў сёньня забралі аўтамабіль “Аўдзі-80” 1988 году выпуску, а таксама занесьлі ў вопіс для канфіскацыі маёмасьці дываны, сувэніры, тэлевізар, лядоўню, электрапліту ды зламаную пральную машыну.

Жонку экс-дэпутата Аляксандру Скрабец зьдзівіў падыход да ацэнкі рэчаў. Некаторыя зь іх ацанілі адпаведна сапраўднаму кошту, некаторыя вельмі дзіўна — прыкладам, сувэнірны папірус, які ў Эгіпце набылі за тры даляры, ацанілі на 250 тысяч рублёў, што больш за сто даляраў.

Аўтамабіль “Аўдзі” належыць спадарыні Скрабец, кажа яна:

“Аўтамабіль гэта мой. Ён 1988 году выпуску, а набывалі яго мы ў 1995 годзе. Цяпер яго ацанілі прыкладна на дзьве тысячы даляраў. Я тэхагляду не магу прайсьці ўжо другі год. Ён увесь падраны, пабіты — там цячэ, там плыве, там адвальваецца, там не зачыняецца. Але ж машына ёсьць машына. І на ёй ежджу”.

Сяргей Скрабец гаворыць, што гэта ня першы вопіс ягонай маёмасьці:

“Калі яшчэ ў 2005 годзе мяне пасадзілі ў Горадні, дзе мы з Валерам Фраловым арганізоўвалі мітынг прадпрымальнікаў, дык мне за гэта далі штраф тры тысячы даляраў. І тады ўпершыню апісалі ўсю маёмасьць. А калі прыйшлі яе сканфіскоўваць, я ўжо знаходзіўся за кратамі, бо мяне вельмі хутка тады пасадзілі — пасьля Горадні праз два месяцы”.

Пасьля вызваленьня з турмы Скрабец дагэтуль ня здолеў уладкавацца на працу. І таму ён мае немалыя фінансавыя праблемы. А чарговы вопіс маёмасьці менавіта цяпер былы парлямэнтар тлумачыць так:

“Пасьля выхаду з-за кратаў я зноў пачаў актыўна займацца палітыкай. І ўлада як бы гаворыць мне, што яна добра памятае пра мяне”.



Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня 2005 году. У лютым 2006 году яго асудзілі на два з паловай гады паводле абвінавачваньня ў выманьваньні крэдыту ў дзяржавы. Сваёй віны палітык не прызнаў і палічыў прысуд помстай за палітычную дзейнасьць. Як быў дэпутатам, ён праводзіў галадоўкі пратэсту з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства, а таксама арганізоўваў акцыі пратэсту да 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў ліпені 2004 году. Летась у кастрычніку Сяргей Скрабец быў амніставаны, а 15 лістапада 2006 году выйшаў на волю.




Так выглядае дом і пад''езд па вуліцы Шугаева ў Менску, дзе жыве сям’я былога дэпутата


Той самы сувэнірны папірус, які ацанілі ў 250 тысяч беларускіх рублёў.


Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра ля лядоўні, якую ўнесьлі ў вопіс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG