Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Хаменка: “Як яны ўяўляюць пакаяньне ад музыкаў?”


Ігар Карней, Менск Музыкі, падазраваныя ў крытычным стаўленьні да ўладаў, па-ранейшаму ня маюць магчымасьці арганізаваць у Беларусі канцэрт ці прэзэнтаваць новы альбом. Захоўваецца так званы “чорны сьпіс” артыстаў, якіх ня толькі ня круцяць на радыё й тэлебачаньні, але й не даюць выступаць. Блізкія да музычных колаў людзі сьцьвярджаюць: ад апазыцыйна арыентаваных музыкаў чакаюць пакаяньня.

Ад лета 2004 году шэраг беларускіх гуртоў і выканаўцаў маюць праблемы з арганізацыяй выступаў.

Прычынай адмоваў у пляцоўках стаў канцэрт, які арганізавалі дэпутаты парлямэнцкай групы “Рэспубліка” да Дня незалежнасьці й 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў 2004 годзе.

Легальнасьць – за “палітвытрыманасьць”

І хоць папулярны калектыў “Крама” ў тым канцэрце ўдзелу ня браў, зьяўленьне на іншых падобных імпрэзах аўтаматычна стала падставай да карэктываў творчых плянаў каманды.

Лідэр гурта Ігар Варашкевіч апавёў, што арганізатарам канцэртаў “Крамы”, якія днямі наведалі ўпраўленьне культуры Менгарвыканкаму, паведамілі пра ўмовы прэзэнтацыі новага альбому групы. Гэта недапушчальнасьць палітычных лёзунгаў і каб не было незарэгістраванай сымболікі. Нарэшце, на словах музыкам прапанавалі пакаяцца: маўляў, пасьля гэтага атрымаць дазвол будзе нашмат прасьцей.

“Я гэта ўсё ведаю. Але што значыць “пакаяцца”? Якім чынам?” — кажа Ігар Варашкевіч.

“Палітычны падтэкст тут усё ж ёсьць?”

“Безумоўна, ёсьць. А які яшчэ іншы падтэкст тут можа быць? Выключна палітычны, які ж яшчэ? У справе арганізацыі канцэрту нібыта яшчэ нешта будзе вырашацца, але цяпер нічога невядома. Калі б быў дазвол, тады б усё было зразумела. А калі дазволу няма — што можна сказаць? Мы ж ня будзем прэзэнтацыю ў клюбе “Графіці” рабіць, на семдзесят чалавек. Плянавалі ў Польшчы рабіць прэзэнтацыю. Але ж Польшча — гэта Польшча. Тут гаворка пра іншае”, — мяркуе лідэр “Крамы”.

Юбілей – у віртуальным “палацы”?

У аналягічнай сытуацыі яшчэ адзін “забаронены” фолк-рок-гурт “Палац”. Паводле лідэра каманды Алега Хаменкі, пры канцы траўня “Палац” хацеў бы адзначыць вялікім канцэртам свой 15-гадовы юбілей. Аднак дазволу на арэнду пляцоўкі няма. У такіх умовах выступ можа адбыцца за межамі краіны. Але легалізоўвацца ў абмен на пакаяньне музыкі не зьбіраюцца.

“Як яны ўяўляюць сабе тое пакаяньне ад музыкаў? У чым увогуле віна? Але гэта проста сыгнал для ўсіх творчых асобаў: як толькі нейкія думкі будуць выказаныя ў СМІ аб палітычнай сытуацыі ці нязгодзе зь нейкімі момантамі ў дзяржаве, адразу знойдуцца інструмэнты адміністрацыйнага ўціску.

І гэта можа адбыцца з кім заўгодна, калі заўгодна і як заўгодна. І як бы мы ні імкнуліся, але калі вымушаныя “дабівацца” пляцоўкі, а нам яе не даюць, гэта адразу правакуе супрацьстаяньне, якое, на мой погляд, зусім не патрэбнае дзяржаве. Але навошта яно патрэбнае і на чый загад гэта робіцца, такое супрацьстаяньне, то я нават не камэнтаваў бы”, — заявіў лідэр “Палацу”.

Амністыя – не аргумэнт для пакаяньня

І калі ў музычным асяродку прэцэдэнтаў пакаяньня дагэтуль не было, то ў эканамічнай ці палітычнай сфэры прапановы такіх угодаў нярэдкія.

Так, былому зьняволенаму за растраты кіраўніку ўзорнай гаспадаркі “Расьсьвет” Васілю Старавойтаву прапаноўвалі пакаяцца ўзамен на зьмягчэньне прысуду ці нават амністыю. Гаспадарнік такі гандаль адкінуў. І грамадзянскую пазыцыю, якую дэманструюць ня згодныя з ўладай, Старавойтаў ухваляе:

“Ня хочуць яны каяцца, і правільна робяць. Калі пайшлі на тое, што выходзілі і ўголас заяўлялі нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне, з гэтай паказухай, якая ў нас ёсьць, значыць, гэта моцныя людзі. Я так лічу. І я таксама не адмовіўся ад сваёй пазыцыі й не адмоўлюся ад яе ніколі. Я ні ў чым не вінаваты. Так яно і было, але на мяне проста сфабрыкавалі справу”.

16 сакавіка ў клюбе “Studio” ў Кракаве адбудзецца канцэрт з удзелам некаторых забароненых у Беларусі выканаўцаў. Для польскай публікі будуць граць “Крама”, “NRM”, Pomidor/Off.
XS
SM
MD
LG