Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На незалежную газэту “Брестский курьер” падалі ў суд


Радыё Свабода Берасьцеец Леанід Валабуеў зьвярнуўся ў суд з пазовам, у якім вінаваціць газэту “Брестский курьер” у зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

У пазоўнай заяве спадар Валабуеў паведаміў, што газэта распаўсюдзіла “паклёпніцкія зьвесткі”, надрукаваўшы на сваіх старонках нататку “Песнь о Волубуеве”. Пазоўнік патрабуе абвергнуць тыя зьвесткі й кампэнсаваць маральныя страты на 2 мільёны рублёў. Ён просіць таксама ануляваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі незалежнага выданьня.

Галоўны рэдактар выданьня Мікалай Аляксандраў зьвярнуў увагу на тое, што спрэчная публікацыя зьяўляецца пародыяй і зьмешчаная на гумарыстычнай старонцы. Акрамя таго, першапачаткова яна была распаўсюджаная праз інтэрнэт і надрукавана ў адным з расейскіх часопісаў.

На думку спадара Аляксандрава, газэта не адказвае за распаўсюджваньне зьвестак, што раней зьявіліся ў іншых сродках масавай інфармацыі.

Перад пачаткам судовага паседжаньня высьветлілася, што жонка Леаніда Валабуева зьяўляецца народным засядальнікам у судзе Ленінскага раёну Берасьця, таму справу вырашылі перадаць на разгляд у іншую судовую ўстанову.
XS
SM
MD
LG