Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Гуляюць, катаюцца набліжаныя да карыта за нашы грошы...”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 14 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

Спадар: “Добры дзень, паважнае Радыё Свабода. Часам слухаеш заявы апазыцыі і дзівісься – часам жаданае яны выдаюць за яўнае. Здаецца, і разумныя людзі, некаторыя даслужыліся нават да генэралаў, але бывае такую бязглузьдзіцу кажуць, што сорамна нават слухаць. Вось цяпер генэрал Фралоў падаў заву на правядзеньне шэсьця і канцэрту 2 красавіка ў горадзе Менску і ўказаў колькасьць прысутных 30 тысяч чалавек. Няхай людзі Фралова правядуць апытаньне, і хай хоць адзін зь дзесяці скажа, хто такі Фралоў. Ён і 300 чалавек ня выведзе на вуліцы, а тут 30 тысяч. Як гэта назваць? Сьмех ды й годзе”.

Спадарыня: “Па “Эўрапейскім Радыё” пачула, што наш самы-самы зь 50 прыбліжанымі да яго зьехаў катацца на лыжах ў Сочы. Ну, дык дзіва тут ніякага няма, бо мы ўжо прызвычаіліся, што ён недзе катаецца за межамі Беларусі, у лепшых месцах, дзе такая вялікая плата за тое гуляньне. У гэтым яго калектыве, у кампаніі спартоўцы, я так разумею, што ня самыя вялікія для Беларусі, самыя заслужаныя артыст. Мне здаецца, што гэта тыя, хто сьпявае расейскую папсу. Ну, ахова, чыноўнікі, вядома.

А тым часам, атрымаўшы квіток за аплату кватэры, палову пэнсіі я павінна аддаць за гэту кватэру. Дык што ж застаецца? Ужо ў краму я і такія, як я, ходзім толькі за малаком, хлебам ды каўбасой пад назвай “Сабачая радасьць”. А гульні 50 сымпатызёраў, вядома ж, ладзяцца і фінансуюцца на мае грошы і такіх жа падаткаплацельшчыкаў: рабочых, студэнтаў, дзяцей. А гэтыя гулі, я так думаю, абыходзяцца ў мільёны рублёў ці даляраў. Інакш кажучы, гуляюць, катаюцца набліжаныя да карыта за нашы грошы. Прашу даць тлумачэньне і справаздачу па гэтым пытаньні кампэтэнтнымі органамі. Якія фінансавыя затраты на гэты ідуць і якая карысьць ад гэтага?”

Спадар: “Апазыцыя, калі Вы чакаеце, што дыктатар створыць ільготныя ўмовы для супрацьстаяньня, то на гэта пойдзе, як мінімум, рэшта жыцьця”.

Спадар: “Добры дзень. Я хачу сказаць, няўжо нельга растлумачыць нашаму народу, што Лукашэнка проста так не аддасьць сваю ўладу і ніякім мірнымі акцыямі яго ня спыніш. Трэба вучыць народ змагацца, каб ён змагаўся за сваю свабоду. Тое, што мы зноў выйдзем пад лёзунгамі і амапаўцы нас разгоняць, – гэта будзе зноў зьдзек зь беларусаў. Дзякуй”.

Ларыса, Менск: “Вельмі шмат працы цяпер у нашых праваахоўных органаў, бо надыходзяць вясеньнія дзянькі і з кожным годам моладзь усё актыўней выступае са сваімі прапановамі. Гэта ж трэба з кожным весьці прафіляктычную працу і даказваць тое, што гэтая моладзь не ўспрымае. Як вядома, моладзь навучылася пратэставаць. І з кожным годам іх больш і больш, як мы бачым. Запалохаць нашу моладзь немагчыма. Мы. Старыя, ужо ў гэтым пераканаліся. Лягчэй было б ураду выйсьці на Плошчу і нарэшце знайсьці нейкую згоду зь імі, бо трэба пайсьці на нейкія саступкі. Моладзь – гэта наша будучыня, і з гэтым трэба лічыцца. Трэба зарэгістраваць маладзёвую арганізацыю”.

Спадар: “Прывітаньне, “Свабода”. У мяне прыемная навіна. Толькі што прайшоўся па сваім, прама скажу, запушчаным саду, глеба ўжо кіслая…Прыгледзеўся, а ўжо цьвіце нейкая траўка. Нахіліўся, а гэта станожка. Дык вось ужо на бутонах відаць беленькія пялёстачкі. Гэта, мабыць, самая першая кветка. Бо кажуць, там розныя падсьнежнікі, браткі, падбел…А Вось звычайная станожка ўжо ў кветках, з чым Вас і сябе віншую. Вясна пачалася. Прыляцелі журавы, шпакі. Вось так. Непрыкметна час бяжыць”.

Дык жыві ж, Беларусь, Сустракай сваё сьвята! Хай паўсюль гаспадарыць вясна! Калі сонца схаваць за аблокі, як краты, Пераможа ўсё роўна яна.

Узьніміся, наш сьцяг, у блакітнае неба І вядзі за сабой да сьвятла! Лепшай долі нашчадкам, мабыць, ня трэба, Калі б наша краіна, як сад, зацьвіла! Калі б ты, Беларусь, зацьвіла!

Ну вось, дзякуй за працу Вашу. Можа, на гэтыя радкі хто-небудзь адклікнецца і дапіша сваё ці дапоўніць, ці нейкія прапановы будуць. Але, відаць, народ ужо адвык ад высокага мастацтва, у прыватнасьці ад паэзіі. Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG