Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паехалі на заробкі ў Расею — ледзь ацалелі й вярнуліся бяз грошай”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Назіраючы за эканамічнымі праблемамі, зь якімі сутыкнулася Беларусь пасьля таго, як Расея адмовілася прадаваць ёй газ і нафту паводле заніжаных коштаў, многія нашы слухачы ў сваіх лістах разважаюць наконт прычынаў крызісу і спрабуюць зазірнуць у будучыню беларускай эканомікі.

Аўтар аднаго з допісаў на гэтую тэму — наш даўні сябар Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну:

“Яшчэ нядаўна Лукашэнка заяўляў, што эканоміка Беларусі да такой ступені стабільная, што мы самі здольныя даць рады любым цяжкасьцям, калі толькі такія ўзьнікнуць. Адначасова ў афіцыйных мэдыях зьдзекліва апісвалася сытуацыя ва Ўкраіне, якой значна раней, чым нам, давялося сутыкнуцца з падаражэньнем расейскіх энэрганосьбітаў. І што ж мы бачым сёньня?

Хоць ва Ўкраіне палітычная сытуацыя і далёкая ад стабільнай, але ў эканоміцы заўважныя зрухі ў лепшы бок. Замежную валюту там не расхопліваюць, як запалкі й соль перад вайной. Цэны на нерухомасьць не растуць у геамэтрычнай прагрэсіі. Усё гэта — рэаліі беларускага жыцьця. Нават крэдыт давялося папрасіць у ненавіснага Пуціна — паўтара мільярда даляраў. Улады яўна баяцца панікі сярод людзей.

Думаю, такая сытуацыя склалася праз тое, што сам Лукашэнка яшчэ перад падвышэньнем цэнаў кінуўся ў паніку, абвясьціўшы свайму народу, што нас чакае вельмі цяжкі час.

Напэўна, гэтай заявай ён хацеў паказаць, што вінавата ў крызісе Расея. Але атрымалася так, што прэзыдэнт першы закрычаў “Пажар!”, хоць пажару магло б і ня быць. А пасьля панічных воклічаў натоўп заўсёды паводзіць сябе аднолькава”.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадар Валошка, развагаў варта заўважыць, што пазьбегнуць, як вы пішаце, эканамічнага “пажару” пры падвышаных больш як удвая цэнах на расейскі газ было наўрад ці магчыма. Дакладней, гэта можна было зрабіць, калі б улады яшчэ напрыканцы 1990-х і на пачатку 2000-х будавалі эканамічную палітыку, разьлічваючы на тое, што таннага газу і нафты рана ці позна ня будзе.

Але шматмільярдныя расейскія субсыдыі на працягу ўсіх мінулых гадоў выкарыстоўваліся зусім не на тое, каб падрыхтаваць эканоміку да рынкавай канкурэнцыі й рынкавых жа коштаў на энэргію і сыравіну.

Фрагмэнт зь ліста Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, які, сярод іншага, разважае пра тое, зь якімі праблемамі сутыкаюцца ў Расеі беларускія гастарбайтэры. Слухач піша:

“Многія хлопцы з нашай мясцовасьці едуць на заробкі ў Расею. Але ня ўсе вяртаюцца з грашыма. У мяне ёсьць знаёмы, Сяргей, дык зь ім летась увосень здарылася такая гісторыя.

Пасьля некалькіх месяцаў працы разам са знаёмымі вярталіся дамоў. На аўтобусным прыпынку падышлі расейскія бандыты. Кажуць: “Рэкет, даставайце ўсё з кішэняў!” Што было рабіць — давялося падпарадкавацца. А што не забралі бандыты, празь некаторы час адабрала расейская міліцыя. Добра, што яшчэ жывых адпусьцілі. А бывае ж і па-іншаму...

Сяргей вярнуўся хутка, бо ў яго яшчэ заставаліся грошы на дарогу, якія ён абачліва пакінуў у гаспадыні, дзе кватараваў. А іншыя засталіся без капейкі, і ім давялося яшчэ на нейкі час застацца, каб зарабіць на квіткі на зваротную дарогу. Вось вам і Расея, і заробкі”.

Так, спадар Сац, гісторыя гэтая, на жаль, тыповая. На працягу апошніх гадоў наша радыё ня раз паведамляла і пра значна больш драматычныя выпадкі, калі, паехаўшы на заробкі ў Расею, людзі ўвогуле не вярталіся жывымі да сваіх сем’яў.

На дзяржаўным узроўні паміж Беларусьсю і Расеяй падпісана мноства дамоваў, якія нібыта гарантуюць роўныя правы расейцам і беларусам, у тым ліку ў працаўладкаваньні на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў.

У сапраўднасьці ж беларускія гастарбайтэры часта адчуваюць сябе на расейскай тэрыторыі безабароннымі й кінутымі на волю лёсу. Пашанцуе — вернесься дамоў з заробленымі грашыма, не — паўторыш лёс Сяргея і ягоных таварышаў…

Чаму беларусы так часта становяцца аб’ектамі бандыцкіх нападаў? Усе пра гэта выдатна ведаюць: бо вяртаюцца з заробкаў, маючы пры сабе буйныя сумы грошай. А паслугамі банкаў не карыстаюцца, бо беларуская дзяржава ўвяла жорсткі кантроль за грашовымі пераводамі, абкладаючы іх атрымальнікаў вялізнымі падаткамі.

Наш слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра некаторыя тэзы, выкладзеныя ў кнізе філёзафа Валянціна Акудовіча “Код адсутнасьці” (у кантэксьце цяперашняй сытуацыі ў дэмакратычнай апазыцыі). Слухач піша:

“Акудовіч мае рацыю: беларускія нацыянал-дэмакраты павінны не змушаць да беларускасьці ўсё грамадзтва, а захоўваць і культываваць яе ў сваёй грамадзкай групе, чакаючы зручнага моманту.

Анэкдатызм і камізм поўны: перад гадавінай падзеяў сакавіка 2006 году раздробленая апазыцыя спрабуе кожная са сваёй групкі прасоўваць уласныя ідэі ўсяму грамадзтву (насуперак разумнай парадзе Акудовіча).

У рэальнасьці верагоднасьць абыватальскага бунту ў Менску на сёньня роўная верагоднасьці выйгрышу ў лято сярэднестатыстычным грамадзянінам кватэры ў тым жа Менску.

Трэба цяпер у адзінай зьвязцы з новымі ідэямі вестэрнізацыі ісьці да народу, калі не атрымліваецца зваліць Лукашэнку. Пры гэтым трэба ўсьвядоміць рэальнасьць: размаўляць па-беларуску сёньня ня хоча сам народ (што б там ні казалі Трусаў і Вячорка).

І сытуацыю Краўчука 1992 году ніякая постлукашэнкаўская намэнклятура ня будзе паўтараць: намэнклятура гэта прагматычная, яна будзе размаўляць на мове масаў.

Беларускамоўныя дэмакраты павінны пераняць досьвед габрэяў і дваранаў Усходняй Эўропы, калі доўгія стагодзьдзі ідыш і француская мова выкарыстоўваліся ў адасобленым асяродзьдзі сярод моваў славян, мад’яраў, балтаў і фінаў. Яны павінны рэклямна папулярызаваць беларускасьць, а не змушаць да яе народ празь дзяржаўныя мэханізмы.

Як ірляндзкі каталіцкі дух цяпер выказваецца ангельскай мовай, так і заходні рынкавы лібэралізм трэба прапагандаваць у Беларусі па-расейску.

І нацыянал-дэмакраты павінны быць ня толькі кніжнымі чарвямі-пісакамі. Яны павінны пайсьці ў бізнэс, разбагацець і сваім асабістым прыкладам посьпеху і ладу жыцьця прапагандаваць сваю ідэалёгію. Як гучыць: выдавецкі дом магната Пазьняка, банкі Лябедзькі й Дабравольскага, заводы Вінцука Вячоркі, супэрмаркеты Шушкевіча, будаўнічы холдынг Севярынца…

Тады на такіх нацыянал-дэмакратаў зьвернуць увагу шырокія масы, якім менш за трыццаць пяць гадоў. (Спачатку — на іхны пасьпяховы выгляд, а потым — і на мову, культуру.) Сама ж простая вэстэрнізацыя безь беларусізацыі — найбольш эфэктыўны спосаб вельмі хутка ўвайсьці ў мэнталітэт абываталя”.

Цікавая ідэя, спадар Марціновіч. Вось толькі сумнеўна, што ў сёньняшніх беларускіх умовах лідэры нацыянальна-дэмакратычнага руху могуць разбагацець, займаючыся бізнэсам. У выдавецкага дому Пазьняка, банку Лябедзькі альбо заводу Вячоркі (калі такія раптам зьявяцца) куды болей шанцаў у сьціслыя тэрміны збанкрутаваць, чым ператварыцца ў квітнеючыя прыбытковыя прадпрыемствы і аб’ект зайздрасьці канкурэнтаў.

Бізнэсоўцы, не ляяльныя да ўлады, у Беларусі вельмі хутка ператвараюцца альбо ў палітвязьняў, альбо ў палітуцекачоў. Прыкладаў гэтага за апошняе дзесяцігодзьдзе было нямала — Аляксандар Пупейка, Андрэй Клімаў, Уладзімер Кудзінаў, Сяргей Скрабец і многія іншыя...

І яшчэ адзін ліст, які даслала нам краязнаўца Ніна Марчук зь вёскі Глінянка Кобрынскага раёну. Спадарыня Марчук шмат часу і сілаў аддае дасьледаваньню лёсаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863 году, якія нарадзіліся ці жылі на тэрыторыі Кобрыншчыны. У сваім лісьце на “Свабоду” слухачка піша:

“Ужо даўно шукаю магілу Юзафата Іпаліта Андраноўскага, майго земляка з-пад Кобрына, які ў часе паўстаньня быў узяты ў палон, год правёў у гарадзенскай турме, а потым быў высланы на пажыцьцёвае пасяленьне ў Сібір. Там жа, у Сібіры, у 1905 годзе ён і памёр, але быў пахаваны ў нас, у Кобрыне.

І вось днямі, каторы раз вывучаючы надмагільныя камяні на старых каталіцкіх могілках (тых, што непадалёк ад кансэрвавага заводу), я знайшла імя — Антоні Андраноўскі. Памёр у 1883 годзе, ва ўзросьце 73 гадоў. Супаставіўшы даты, прыходжу да высновы, што гэта бацька Юзафата Андраноўскага. Цудоўна. Мо, калі лёс падкіне мне і лепшую знаходку, пра якую даўно мару”.

Спадзяемся, што вашы пошукі будуць плённымі, спадарыня Марчук. Надмагільныя камяні на пачатку мінулага стагодзьдзя майстры рабілі дыхтоўна, на вякі. Шкада толькі, што ня ўсе могілкі ацалелі перад бальшавіцкімі вандаламі, якія гранітныя помнікі нярэдка выкарыстоўвалі як будматэрыял для падмуркаў сваіх калгасных клюбаў ды жывёлагадоўчых фэрмаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG