Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Альтэрнатыўны праект мае захаваць гістарычную частку Горадні


Міхал Карневіч, Горадня У Горадні створаны альтэрнатыўны праект разьвіцьця транспартнай сыстэмы гораду. Праект распрацавалі маладыя гарадзенскія й менскія гісторыкі і краязнаўцы. Мэта праекту – захаваць гістарычную частку Горадні. Ужо цяпер з праектам можна пазнаёміцца ў інтэрнэце на сайце www.harodnia.com. Стваральнікі праекту накіравалі яго ва ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя ўстановы, каб дамагчыся грамадзкага абмеркаваньня.

Ініцыятыва стварэньня альтэрнатыўнага праэкту паўстала ў гарадзенскіх гісторыкаў пасьля таго, як летась улады правялі рэканструкцыю Савецкай плошчы. Тады ў старой частцы гораду не былі праведзеныя архэалягічныя раскопкі, а культурны слой грузілі экскаватарамі на самазвалы й вывозілі на сьметнікі.

Згодна з афіцыйным праектам, асноўны паток транспарту ўсё роўна праходзіць праз цэнтральную гістарычную частку гораду, што ўрэшце вядзе да разбурэньня як некаторых архітэктурных помнікаў, гэтак і да зьмены гістарычнага аблічча.

Гаворыць адзін з “альтэрнатыўшчыкаў” гісторык Андрэй Вашкевіч:

“Наш праект заключаецца ў стварэньні так званага малога транспартнага кола вакол цэнтру гораду, завязанага на два масты – Румлёўскі й так званы Новы. У выніку рух у цэнтры будзе ліквідаваны й можна ствараць вялікую пешаходную зону”.

На думку спадара Вашкевіча, аўтаразьвязкі адасобяць старую частку Горадні ад «спальнай» і прамысловай, як гэта зроблена ў вядомых эўрапейскіх гарадах Кракаве й Празе.

Што да кошту праекту, дык гісторык Ігар Лапеха мяркуе, што ён абыдзецца ня больш за афіцыйны варыянт. А да ўсяго ў выніку дадасца яшчэ адзін мост празь Нёман заміж рэстаўрацыі Старога моста. А гэта, лічыць мой суразмоўца, рэальна паўплывае на разгрузку транспартных патокаў.

“Пытаньне стаіць у адным: у логіцы й рацыянальнасьці прыняцьця рашэньня”.

Дарэчы, пры рэалізацыі альтэрнатыўнага праекту ёсьць і іншыя перавагі. Кажа Андрэй Вашкевіч:

Вашкевіч: “У выпадку рэканструкцыі Старога моста, мінімум на два гады яго давядзецца зачыняць, што, безумоўна, прывядзе да транспартнага каляпсу. У нашым варыянце наагул не прадугледжваецца якое-небудзь закрыцьцё транспартных маршрутаў на працяглы час”.

Энтузіясты дамагаюцца грамадзкага абмеркаваньня сваіх ідэяў. Сёньня праект ужо зьмешчаны на сайце www.harodnia.com, плянуецца запрасіць да дыскусіі спэцыялістаў і незалежных экспэртаў.

Вашкевіч: “Па сутнасьці адна надзея толькі на СМІ, таму што мы, канешне, зьвернемся з гэтым праектам ва ўсе інстанцыі дзяржаўныя, але трэба усё ж атрымаць нейкі кваліфікаваны адказ – дзеля чаго робіцца так, а не інакш...”

XS
SM
MD
LG