Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць менчукі пра Дзень Волі 25 сакавіка?


Радыё Свабода, Менск 89-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі альбо Дзень Волі 25 сакавіка, дэмакратычная грамадзкасьць краіны заклікае адзначыць на Кастрычніцкай плошчы Менску, якую пасьля леташніх акцыяў пратэсту называюць плошчай Кастуся Каліноўскага. Што ведаюць менчукі пра дзень 25 сакавіка? Гэтым пытаньнем у мінакоў на Кастрычніцкай плошчы цікавілася Галіна Абакунчык.

Юнак: “Дзень Волі, дзень Незалежнасьці. Дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка”.

Юначка: “Дзень гуканьня вясны. Мы 25 едзем гукаць вясну і для нас сёлета гэта дзень гуканьня вясны”.

Спадар: “Не, ня чуў. Пэўна, не зьвярнуў увагу”.

Спадарыня: “25 сакавіка? Не, ня ведаю. Можа Дзень Канстытуцыі?”

Спадар: “Не, я ніколі ня чуў і нічога ня ведаю. Можа ўзгадаю пасьля, але зараз пакуль не”.

Юначка: “Гэта дзень незалежнасьці нашай краіны. Я гэтым вельмі ганаруся. Мы ведаем пра падзеі, якія будуць 25 сакавіка, і мы ўсё гэта падтрымліваем”.

Спадарыня: “Чула што гэта за дзень, але забылася. Нават на мітынгі хадзіла. Але пачакайце, зараз узгадаю... Дзень незалежнасьці... Здаецца, утварэньне рэспублікі БНР...Так, так, БНР”.

Спадар: “Дзень БНР, Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна была абвешчана ў 1919 годзе”.

Спадарыня: “Папраўдзе сказаць, цяжка прыгадаць, што гэта за дзень такі, якая падзея зьвязаная з 25 сакавіка. Прабачце, калі ласка. Можа пасьля і ўзгадаю, але цяпер не магу сказаць”.

Юнак: “Для мяне гэта вялікае сьвята, сьвята незалежнасьці Беларусі. Увогуле – сьвяты дзень, калі Беларусь, нарэшце дамаглася сваёй незалежнасьці. Шкада толькі, што гэта не зьяўляецца зараз дзяржаўным сьвятам. Але я спадзяюся, што праз некаторы час мы здолеем вярнуць гэты дзень у сьвяточны каляндар кожнага беларуса”.
XS
SM
MD
LG