Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дэпутаты зьбіраюцца наведаць Менск 25 сакавіка


Алена Струвэ, Менск Здольнасьць Беларусі да адкрытага супрацоўніцтва з Эўразьвязам будзе ацэньвацца ў тым ліку і паводле падзеяў 25 сакавіка

Пра гэта ў размове са Свабодай заявіў адзін з дэпутатаў Эўрапарлямэнту, які мае намер наведаць Менск у гэты час.

“На гэты момант ўсё выглядае так. Я хачу паехаць і ўбачыць, што будзе адбывацца ў вас 25 сакавіка, паназіраць, зрабіць высновы, як надалей падтрымліваць беларускую апазыцыю. Гаварыць на гэтую тэму я пакуль не рызыкую. Сытуацыя можа скласьціся такім чынам, што ў выніку гэтай размовы беларуская амбасада знойдзе прычыны, каб адмовіць мне ў візе”,--сказаў эўрапейскі парлямэнтар, які пакуль папрасіў не называць ягонае прозьвішча.

“Сыстэма Лукашэнкі ня хоча ніякага дыялёгу”,-- лічыць дэпутатка Бундэстагу, сябра Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы і АБСЭ Марылюіза Бэк. Аднойчы беларускія ўлады адмовілі ёй у візе. Гэта адбылося летась у лістападзе, калі Марылюіза Бэк і яе калега па Бундэстагу хрысьціянскі дэмакрат Георг Шырмбэк ды некалькі нямецкіх журналістаў не змаглі ўзяць удзел у нямецка-беларускай імпрэзе “Менскі форум”.

Георг Шырмбэк перакананы, што Менск баіцца свабодных дыскусіяў, а таму ўсё часьцей адмаўляе у візах крытычна настроеным эўрапейцам.

“Сытуацыя склалася такім чынам, што многія з нас цяпер проста ня могуць езьдзіць у Беларусь, у тым ліку і я. Нашы непасрэдныя кантакты зь беларусамі становяцца даволі рэдкімі. Калі мне адмаўлялі ў беларускай візе, мне не тлумачылі прычын. Аднак сам я магу пра гэта здагадвацца. Беларускія ўлады лічаць мяне небясьпечным, паколькі я пастаянна выказваю сваю асабістую думку. Аднак тое, што я кажу, думаюць усе, у тым ліку і ў вас, ці ня так?”.

Паводле Георга Шырмбэка, Генэральны сакратар ХДС Рональд Пофала у часе апошняга візыту ў Беларусь, адкрыта заявіў, што дыялёг магчымы ў выпадку выкананьня Беларусьсю пэўных абавязаньняў і найперш вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

“Мы і надалей зьбіраемся падтрымліваць апазыцыю. Мы будзем назіраць за рэакцыяй Лукашэнкі, за тым, як самымі бліжэйшымі днямі будуць разьвівацца падзеі. Гэта будуць асьвятляць нашы мэдыі. Мы за адкрытасьць у дачыненьнях. І гэта тое, чаго ён. Лукашэнка, баіцца”.
XS
SM
MD
LG