Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і пракуратура трэці дзень дапытваюць актывістаў “Маладога фронту”


Любоў Лунёва, Менск Пытаньні тычацца крымінальнай справы, якую завёў КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Паводле гэтай справы лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч ўжо адбывае пакараньне ў шклоўскай турме. Актывісты “Маладога фронту” лічаць допыты спробай запалохаць моладзь напярэдадні вясновых вулічных акцый апазыцыі.

Сьледчы менскай пракуратуры Сяргей Грахоўскі дапытае сёньня яшчэ некалькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Сярод тых, хто мусіць наведаць пракуратуру,– прэсавы сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук. Супрацоўнікі КДБ ўчора а 10 гадзіне ночы пачалі ператрус у кватэры Гарэцкага.

Нагадаем, што Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх затрымалі 4 лютага разам з 26 актывістамі “Маладога фронту” пад час паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Ім першым уручылі пастановы аб тым, што іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Наста Палажанка і Аляксей Янушэўскі на допыце атрымалі аналягічныя пастановы.

Аляксей Янушэўскі лічыць, што допыты ёсьць спробай запалохаць хутчэй за ўсё не маладафронтаўцаў, а тую частку моладзі, якая вагаецца: удзельнічаць у вулічных вясновых акцыях, ці – не.

“Гэтыя крокі разьлічаныя, на маю думку, на моладзь, якая яшчэ вагаецца: выходзіць на плошчу, ці не выходзіць на плошчу. Рэжым выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб стварыць такі вобраз, што гэта адназначна турма. Гэта ськіравана, магчыма, на бацькоў, каб тыя не пусьцілі сваіх дзяцей на плошчу”.

У рэгіёнах маладафронтаўцаў і актывістаў іншых незарэгістраваных моладзевых арганізацый дапытваюць сьледчыя КДБ. У Бабруйску на допыт пойдуць Валер Мацкевіч і Максім Буйніцкі. Гаворыць Максім Буйніцкі:

“Гэтыя допыты папросту марнуюць час, а часу шкада. Спадзяюся, што сёньняшнія допыты будуць апошнімі”.

Сёньня сьледчыя дапытаюць больш за дзесятак моладзевых актывістаў.

Позна ўвечары байцы спэцназу міліцыі затрымалі Вячаслава Сіўчыка і лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку. Сувязь зь імі адсутнічае. Паплечнікі ня выключаюць, што апазыцыянэраў даставяць у суд, абвінаваціўшы іх у дробным хуліганстве, каб ізаляваць на час правядзеньня вулічнай акцыі 25 сакавіка на Дзень Волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG