Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байцы спэцназу міліцыі затрымалі лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку


Любоў Лунёва, Менск Яны чакалі яго каля пад’езду дома і на лесьвіцы каля дзьвярэй кватэры. Спэцназаўцы паведамілі сп.Вячорку, што ён затрыманы і адвезьлі яго ва ўпраўленьне міліцыі Савецкага раёну Менску.

Франак Вячорка, сын палітыка, паведаміў Радыё Свабода:

“Увесь дзень каля сядзібы БНФ вялася сочка. Прыкладна ў 19:20 Вінцук Вячорка з 9-гадовай дачкой Ружанай выехаў зь сядзібы ў бясьпечнае месца, пры гэтым за аўтамабілем вісеў "хвост".

У 22:10 Вінцук Вячорка з дачкой на таксоўцы вярнуліся дадому. Я выйшаў іх сустрэць. На выхадзе зь ліфта, ля самай кватэры два хлопцы ў цывільным перагарадзілі дарогу, прадставіліся супрацоўнікамі спэцназу й паказалі дакумэнты. Паведамілі пра затрыманьне, папрасілі зь імі праехаць, пасьля чаго селі зь Вінцуком Вячоркам на аўтамабіль і зьехалі ў невядомым кірунку. Мяне зь сястрой не чапалі.

У Савецкім РУУС паведамілі, што Вінцук Вячорка сярод затрыманых ня лічыцца, параілі зьвяртацца ў іншыя аддзелы міліцыі.

Учора Вінцук Вячорка выступаў на дазволеным мітынгу прадпрымальнікаў. Магчыма, гэта ў зьвязку з 25 сакавіка стала прычынай арышту. Улады, відаць, вырашылі перастрахавацца і ізаляваць палітычных лідэраў задоўга да акцыі. Сёньня адбылося паседжаньне аргкамітэту акцыі 25 сакавіка, на якім былі зацьверджаныя сцэнар і арганізацыйная пытаньні падрыхтоўкі акцыі. Безь Вінцука Вячоркі акцыю будзе падрыхтаваць складана".

Вінцук Вячорка - адзін з падаўнікаў заяўкі на акцыю 25 сакавіка, старшыня аргкамітэту правядзеньня акцыі, а таксама плянаваны вядучы мітынгу.

*** Франак Вячорка, 23.56: “Шукаем яго. У ГУУС, ва ўсіх РУУСах кажуць, што яго там няма. Па сутнасьці, а гадзіне другой ён мусіць ужо быць на Акрэсьціна, таму заўтра а 8-ай будзем званіць туды”.

*** Франак Вячорка, 1.25: "Галіна Сіўчык атрымала інфармацыю з Акрэсьціна, маўляў, і Сіўчык, іВячорка там. Паводле яе словаў, на Акрэсьціна езьдзілі супрацоўнікі АБСЭ, якім паведамілі, што палітыкі затрыманыя. Дзяжурныя Акрэсьціна інфармацыю не пацьвярджаюць.

Зраніцы разам з адвакатамі будзем высьвятляць месцазнаходжаньне Вінцука Вячоркі, а таксама час і раён суду (хутчэй за ўсё Савецкі)".
XS
SM
MD
LG