Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады рыхтуюць ускосную цэнзуру ў інтэрнэце?


Ігар Карней, Менск На веснавой сэсіі, якая пачынаецца 2 красавіка, Палата прадстаўнікоў мае разгледзець законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Плянуецца ўзмацніць адказнасьць за спробы парушыць дзяржаўную манаполію на захаваньне інфармацыйнай таямніцы. Парушэньне заканадаўства будзе цягнуць дысцыплінарную, адміністрацыйную ці крымінальную адказнасьць.

Паводле афіцыйных зьвестак, Савет міністраў унёс праект закону “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” у Палату прадстаўнікоў 1 сакавіка 2007 году. Аднак адказная за падрыхтоўку законапраекту да слуханьняў, намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі ў пытаньнях прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва Тацяна Сафроненка кажа, што пакуль ня можа абмяркоўваць гэты дакумэнт:

– Ведаеце, я толькі ўчора яго атрымала і цяпер якраз сяджу, вывучаю. Давайце стэлефануемся празь некалькі дзён і я, калі вывучу гэты законапраект, змагу адказаць на вашыя пытаньні. А пакуль я прачытала толькі 20 аркушаў.

Згодна з паведамленьнем прэсавай службы Палаты прадстаўнікоў, прыняцьцё закону кампэнсуе прававыя прабелы, якія тычацца доступу грамадзянаў да адкрытай інфармацыі публічнага характару, інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы, абмену інфармацыяй, у тым ліку міжнароднага зьместу, а таксама адказнасьці перад законам.

Аднак сам тэкст законапраекту не афішуецца. На Нацыянальным прававым партале (pravo.by), дзе акумулююцца ўсе заканадаўчыя акты, дакумэнт існуе толькі ў якасьці анонсу. У апараце Саўміну кажуць, што цяпер прыняцьцё рашэньня залежыць ад дэпутатаў.

Рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі кажа пра такую таямнічасьць:

– Ужо апрыёры ёсьць пэўныя сымптомы, якія прымушаюць насьцярожыцца мэдыя-супольнасьць. Напрыклад, келейнасьць абмеркаваньня, бо нельга ў інтэрнэце знайсьці праект закону. Па-другое, паводле назвы ён сугучны з законапраектам “Аб інфармацыйнай бясьпецы”, які некалькі гадоў таму ініцыяваў спадар Чаргінец. Тады праект выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве і, мусіць, з-за гэтага быў схаваны пад сукно. Ці ня ёсьць гэта рымэйкам таго самага закону? Ну і, нарэшце, выказваньне дэпутата Забалотца ў інтэрвію БелТА наконт таго, што праз гэты закон, у прыватнасьці, будзе абмяжоўвацца інфармацыя, якая робіць замах на дзелавую рэпутацыю грамадзянаў і арганізацый. Гэта таксама вельмі насьцярожвае, бо ўявіце: любая крытыка ўраду ў мэдыях можа быць падагнаная пад гэты артыкул, і такім чынам перапыніцца яе распаўсюд.

Паводле Аляксандра Класкоўскага, ёсьць небясьпека, што пасьля ўхваленьня закону будзе ўведзеная ўскосная цэнзура ў інтэрнэце, які пакуль застаецца адзінай вольнай прасторай для выказваньня альтэрнатыўных думак.

Адным зь ініцыятараў новаўводзінаў выступае Міністэрства сувязі. А менавіта гэтае ведамства і падпарадкаваны яму “Белтэлекам” кантралюе працу інтэрнэт-правайдэраў у Беларусі. Праўда, першы намесьнік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі лічыць размовы адносна цэнзуры інтэрнэту перабольшанымі:

– У нас інтэрнэт абсалютна ў вольным доступе. Я цалкам перакананы: ніякіх спробаў яго неяк перакрыць, адфільтраваць (маю на ўвазе – палітычна) ня будзе. Таму, калі чалавек захоча інфармацыю ў сеціве атрымаць, ён яе атрымае. Я ўвогуле прынцыпова не прымаю, калі штосьці адно чалавеку навязваецца і не даецца альтэрнатыва. Яму не даюць думаць, не даюць параўноўваць і ўвогуле пазбаўляюць яго свабоды. Гэта вельмі дрэнна, чалавека нельга пазбаўляць свабоды. Ён мусіць быць вольным, мусіць свабодна разважаць. Інакш гэта будзе не чалавек, а зомбі.

Пра новы законапраект можна прачытаць у інтэрвію намесьніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца агенцтву БелТА. Забалоцец заявіў літаральна наступнае: прапануецца забараніць распаўсюд інфармацыі, якая замахваецца на гонар, годнасьць, дзелавую рэпутацыю грамадзянаў і юрыдычных асобаў. Абароне падлягае інфармацыя, незаконнае выкарыстаньне якой можа нашкодзіць яе ўладальніку ці карыстальніку.

Для забесьпячэньня захаваньня сьведчаньняў, якія ўтрымліваюцца ў дзяржаўных інфармацыйных сыстэмах, законапраект вызначае прававыя, арганізацыйныя і тэхнічныя захады абароны: дамовы паміж уладальнікам інфармацыі і карыстальнікам, асаблівы рэжым допуску на тэрыторыю, дзе знаходзяцца матэрыяльныя носьбіты інфармацыі, сыстэмы кантролю. За парушэньні заканадаўства вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасьці, у тым ліку і крымінальнай.

Дагэтуль спрэчкі паміж бакамі вырашаліся праз суд на падставе Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і тычыліся абразы гонару і годнасьці пацярпелага. Максымальным пакараньнем была матэрыяльная кампэнсацыя, вызначаная рашэньнем суду.

Яшчэ раней зьявілася інфармацыя, што існуе ўрадавая інструкцыя, згодна зь якой дзяржчыноўнікі нібыта ня могуць аднаасобна рабіць камэнтары на эканамічныя тэмы, а мусяць узгадняць агульную пазыцыю. Праўда, на адной з прэс-канфэрэнцый на пытаньне аб існаваньні такога распараджэньня віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка заявіў: ніякіх абмежаваньняў для чыноўнікаў няма. Аднак удакладніў: для тлумачэньня пазыцыі таго ці іншага ведамства ў кожным зь іх існуюць прэсавыя службы.
XS
SM
MD
LG