Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: сьледчыя КДБ дапытваюць моладзевых актывістаў


Радыё Свабода, Магілёў Апошнія два дні ў Магілёўскую ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі выклікалі сем чалавек. Усе яны дапытаныя як сьведкі паводле артыкулу “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Моладзевыя актывісты Антон Усьцімчук, Тацяна Буланава, Максім Азараў і непаўналетні Расьціслаў Панкратаў выкліканыя ў КДБ позвамі. Позвы падпісалі сьледчыя Ішчынка, Грыбайла і Курпачэнка.

Грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава таксама мелася прыйсьці на допыт. Сёньня раніцой дапыталі Артура Фінькевіча, а ўчора Кірылу Паражынскага.

Допыт Антона Ўсьцімчука доўжыўся блізу сарака хвілінаў:

– Сьледчы задаваў розныя пытаньні наконт “Маладога фронту”, наконт арганізацыі “Маладога фронту” ў Магілёве ды структуры арганізацыі ў Менску. Запытваў у мяне, ці ведаю я людзей у Менску, якія кіруюць “Маладым фронтам”, ці ведаю кіраўніцтва “Маладога фронту” ў Магілёве. Запытваў, якое я маю дачыненьне да “Маладога фронту” ў Магілёве і чым я займаюся, – сказаў Радыё Свабода Антон Усьцімчук.

Падчас допыту вёўся пратакол. Паводле Антона, сьледчы паводзіў сябе карэктна.

Праваабаронцу Барысу Бухелю сьледчы не дазволіў прысутнічаць на допыце Максіма Азарава. Ён спаслаўся на Крымінальны кодэкс ды адмовіўся прадставіцца праваабаронцу.

– Крымінальны кодэкс не прадугледжвае толькі адвакатаў. Ведаў — відаць, яго папярэдзілі. Ён выйшаў з Крымінальным кодэксам і зачытаў адразу ж, – паведаміў Барыс Бухель.

Непаўналетні Расьціслаў Панкратаў на допыт прыйшоў з маці. Яго ўпершыню выклікалі ў КДБ. Ягоны мабільны тэлефон не адказвае. 4 лютага падчас нарады “Маладога фронту”, якая праходзіла ў Менску ў прыватнай кватэры, Расьціслаў разам зь іншымі маладафронтаўцамі быў затрыманы і правёў у міліцыі восем гадзінаў. Сярод затрыманых тады была і Тацяна Буланава, якая на допыт мае зьявіцца сёньня пасьля 17-й гадзіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG