Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыедзе папа Бэнэдыкт XVI у Беларусь?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін пачаў візыт у Італію, падчас якога плянуе сустрэцца з папам рымскім Бэнэдыктам XVI. Ня выключана, што яны дамовяцца пра візыт папы ў Расею. Дагэтуль ніводзін папа ў Маскву не прыяжджаў — гэтак жа, як і ў Беларусь.

Ян Павал ІІ пабываў у суседніх зь Беларусьсю Польшчы, Літве, Латвіі і Ўкраіне. Ён моцна жадаў наведаць і Беларусь. Згадвае супрацоўнік каталіцкага выдавецтва “Pro Christo” Мікола Гракаў:

– Безумоўна, ён хацеў прыехаць у Беларусь. І ў 1995 годзе ў Маніле падчас 10-га ўсясьветнага Дня моладзі, ён сказаў, разьвітваючыся з моладзьдзю, ужо на заканчэньне сьвятой імшы, сказаў па-польску: “Да пабачэньня ва Ўкраіне, Казахстане і Беларусі“. Сьвяты айцец наведаў і Ўкраіну, і Казахстан, а Беларусь яму наведаць не ўдалося менавіта з-за непаразуменьняў з Расейскай праваслаўнай царквой.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што папа Ян Павал ІІ неаднойчы выказваў жаданьне наведаць Беларусь. І гэтае пытаньне часта абмяркоўвалася падчас сустрэчаў кіраўніка Беларусі з патрыярхам Аляксіем.

Тады ж Аляксандар Лукашэнка заявіў, што недалёкі той час, калі ён зможа прыняць папу. Але дадаў, што аддаў бы перавагу сустрэчы папы ў Менску з расейскім патрыярхам Аляксіем.

Рэдактарка каталіцкіх часопісаў “Ave Maria” і “Наша Вера” Хрысьціна Лялько згадвае:

– Запрашаў заўсёды кардынал. Калі ён сустракаўся з Янам Паўлам ІІ, заўсёды ён запрашаў папу ў Беларусь. Але ж ня толькі ад гэтага запрашэньня залежаў візыт. Заўсёды мясцовы касьцёл запрашае галаву Касьцёлу паўсюднага да сябе. Я была б шчасьлівая, каб і гэты папа прыехаў у Беларусь.

Вернікі нават склалі спэцыяльную малітву і маліліся пасьля набажэнстваў, каб адбыўся візыт папы ў Беларусь, кажа Мікола Гракаў:

– Візыт немагчымы без запрашэньня праваслаўных ярархаў. А гэтага запрашэньня, наколькі мне вядома, не было.

Паводле заяваў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі пануе канфэсійны мір, няма праблемаў у дачыненьнях праваслаўных з каталікамі.

Тры гады таму, падчас абвастрэньня дачыненьняў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, Аляксандар Лукашэнка зноў загаварыў пра магчымасьць візыту папы ў Беларусь. Маўляў, “гэта пытаньне ня толькі рэлігійнага, але і дзяржаўнага характару”.

Аднак прадстаўнікі Расейскай праваслаўнай царквы заявілі, што Аляксій пойдзе на сустрэчу з папам рымскім толькі пры выкананьні Ватыканам шэрагу ўмоваў. Пасьля сьмерці папы Яна Паўла ІІ кіраўнік Беларусі казаў са шкадаваньнем, што папа не наведаў Беларусі.

Цяпер Пуцін трэці раз пабывае ў Ватыкане. Дагэтуль ён двойчы сустракаўся з папам рымскім Янам Паўлам ІІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG