Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

VoxPopuli: Гарадзенцы — пра зьмены ў Канстытуцыі


Радыё Свабода, Горадня Трынаццаць гадоў таму, 15 сакавіка 1994 году, была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага яна была двойчы перагледжаная — у 1996 і 2004 гадах. Што б вы прапанавалі зьмяніць у асноўным законе краіны, што вас у ім не задавальняе?

Слухаць:

Спадар: “Зразумела, што ў Канстытуцыі задавальняе ня ўсё. Улада — яна ёсьць улада, яна й псуе чалавека, зразумела. Таму, каб былі якіясьці зьмены ў краіне, патрэбная зьмена прэзыдэнта”.

Спадар: “Калі гэта асноўны закон, дык і падпарадкавацца яму павінны ўсе, той жа самы прэзыдэнт, а не мяняць яе пад сябе. У Амэрыцы прынялі Канстытуцыю дзьвесьце зь лішкам гадоў таму, так яна й засталася, толькі некалькі паправак зрабілі невялікіх. А ў нас Канстытуцыя — што ёсьць, што яе няма, бо калі яна некага не задавальняе, то ўзяў ды памяняў. А мяняе адзін толькі чалавек, ад астатніх нічога не залежыць у гэтым сэнсе, ад мяне таксама”.

Малады спадар: “Калі запісана ў Канстытуцыі, што можна балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду два разы — значыць, усё, і нельга мяняць Канстытуцыю, бо атрымліваецца цяпер, што пажыцьцёва, што цар”.

Ягоны сябра: “Не, Канстытуцыя — гэта аснова, дакумэнт, які зацьверджаны раз і назаўсёды. Папросту ўладу трэба разьмеркаваць правільна: не засяроджваць яе ў руках прэзыдэнта, а даць магчымасьць дэпутатам вырашаць пытаньні. А ў нас улада — цалкам і поўнасьцю ў адных руках”.

Спадар: “Канстытуцыю неабходна было б вярнуць назад — першапачатковую, Лукашэнка яе нахабна парушыў. Гэта цяжкае пытаньне, але я лічу ўсё-такі, што, каб у нас была парлямэнцкая рэспубліка, было б лепей. Менавіта: не прэзыдэнцкая, а парлямэнцкая”.

Малады спадар: “Я лічу, што ўсё ж ня варта было зьмяняць Канстытуцыю, бо ў ёй зафіксаваныя не хвілёвыя нормы, а Канстытуцыя — гэта пастаянны дакумэнт. У Амэрыцы ўвогуле — дзьвесьце гадоў яна існуе, і нічога не зьмяняецца. Нам, напэўна, таксама трэба быць больш стабільнымі ў гэтым пляне”.

Спадар: “Ва ўсім сьвеце інакш, чым у нас. Я вось цяпер гляджу тэлевізар: прэзыдэнт Францыі адмовіўся балятавацца на трэці тэрмін. Значыць, так і павінна быць, бо так у большасьці краінаў. Чаму ў нас павінна быць інакш? Трэба рухацца наперад крышачку”.

Спадар: “Шчыра кажучы, на дадзены момант я б нічога не зьмяняў у Канстытуцыі”.

Сталы спадар: “Перамены патрэбныя, нейкі застой у нас. Ну глядзіце: колькі мяняецца ўрад, але нічога ня робіцца, наперад не ідзе. Дык што гэта за Канстытуцыя, каго яна абараняе?”
XS
SM
MD
LG