Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са школьных падручнікаў хочуць выдаліць творы Купалы, Быкава, Барадуліна


Радыё Свабода Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіў з адкрытым зваротам да беларускага грамадзтва супраць падрыхтоўкі новай школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Адмысловую заяву зрабіла Партыя БНФ. З праграмы для агульнаадукацыйных школ зьбіраюцца выдаліць творы вядомых беларускіх пісьменьнікаў — у тым ліку “Тутэйшыя” Янкі Купалы, “Аблава” Васіля Быкава, вершы Рыгора Барадуліна. Міністэрства адукацыі, дзе распрацоўвалі дакумэнт, узгадняе яго ў прэзыдэнцкай адміністрацыі і праўладным Саюзе пісьменьнікаў, якім кіруе Мікалай Чаргінец.

У Міністэрстве адукацыі адмаўляюцца паведамляць дэталі зьменаў, але не хаваюць, што новая праграма ўжо падрыхтаваная. Гаворыць інспэктар управы сярэдняй адукацыі Тамара Саўчук:

“Я не магу вам казаць пра зьмены, пакуль яны не зацьверджаныя. Нашую праграму мы накіравалі ў Саюз пісьменьнікаў (грамадзкую арганізацыю), у Адміністрацыю прэзыдэнта. Што будзе сказана адносна тых варыянтаў, якія мы прапанавалі, я ня ведаю. Таму я не магу афіцыйна казаць, што будзе выкінутае, а што будзе вывучацца”.

Аднак у абласныя ўправы адукацыі ўжо даслалі ліст за подпісам міністра адукацыі — у ім рэкамэндуецца, як паменшыць наступствы выдаленьня з праграмы твораў некаторых літаратараў.

Настаўнікам прапанавалі таксама не ўжываць назву гістарычнага пэрыяду ў выразе “Літаратура нацыянальнага адраджэньня”, кажа старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка. Ён прысьвяціў гэтай тэме адмысловы артыкул у незалежнай газэце “Наша слова”.

“Я быў у міністэрстве, мне паказвалі й гаварылі, што прапануюць розныя рэвізоры “зьверху”. Па-першае, нават выключыць з праграмы п’есу “Тутэйшыя” Янкі Купалы — вось такі падарунак да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выключыць аповесьць Васіля Быкава “Аблава”, усю паэзію Рыгора Барадуліна.

Такога ніколі не было, нават у савецкі пэрыяд. Як гэта так, каб народныя пісьменьнікі, іхныя творы разыходзіліся з ідэалёгіяй дзяржавы? Значыць, дзяржава неяк ня так складзеная”.

Як паведамляе спадар Лозка, паводле распрацаванай праграмы школьнікі таксама ня будуць вывучаць твораў Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Сьвятланы Алексіевіч, Сяргея Законьнікава, мастацтва Аляксея Марачкіна ды іншых. Пад пагрозай таксама творчасьць Уладзімера Караткевіча.

Зацьвердзіць гэтыя зьмены і прапанаваць творы іншых аўтараў даручылі старшыню нядаўна створанага праўладнага пісьменьніцкага саюзу Мікалаю Чаргінцу. Камэнтуе сытуацыю кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

“Сучасныя герастраты імкнуцца падмяніць штодзённымі хваласьпевамі сьвятая сьвятых: асновы нацыянальнай літаратуры, адраджэнцкі патас беларускай літаратуры ўсяго ХХ стагодзьдзя. Сумна канстатаваць у трэцім тысячагодзьдзі, што чарга дайшла і да нэабальшавіцкага перакройваньня школьных праграм. Нам бачыцца гэта франтальным пераваротам у літаратурнай палітыцы”.

Як паведаміў спадар Пашкевіч, управа рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў зьвярнулася з адкрытым лістом да грамадзкасьці краіны. Літаратары заклікаюць супрацьстаяць чарговаму наступу на беларускую літаратуру. Салідарнасьці й падтрымкі беларускія літаратары чакаюць і ад сваіх калегаў з Расеі, Літвы, Украіны ды іншых дзяржаваў.

Раней на загад уладаў Беларусі была перапісаная праграма па гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя для ВНУ. Летась выкладаньне гісторыі ў сярэдніх школах перавялі на расейскую мову. Ад мінулага году літаратараў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якім кіруе Алесь Пашкевіч, забаронена запрашаць на афіцыйныя сустрэчы ва ўстановы адукацыі і культуры.
XS
SM
MD
LG